«Тым часам вынік маёй 15-гадовай працы з віцебскай тэмай адпраўляецца ў друк у Вільні, — піша Віктар Марціновіч у сваім фэйсбуку. — Гэты тэкст стаў той воссю, вакол якой круцілася маё жыццё паўтара дзесяцігоддзя. З-за яго я сышоў з БДУ, так і не дачакаўшыся кандыдацкай абароны (чакаю да гэтага часу), перамясціўся ў Літву, атрымаў PhD Акадэміі мастацтваў, стаў дацэнтам ЕГУ; з-за яго я начаваў і начую ў гатэлях з камадораўскімі столямі, з-за яго выкладаю на англійскай ў чужых універсітэтах (і на рускай і беларускай — ва ўніверсітэце родным); з-за яго я жыў у Вене ўсю мінулую восень, прапрацоўваючы высновы і выбудоўваючы структуру раздзелаў.

Я доўга думаў над адным вычарпальным словам, якое б перадало ўсю паўнату таго, што здарылася з Шагалам у 1918-1920-м гадах у горадзе, што так змучыў яго. Словам-прэфіксам, што азначыла б вось гэта «Марк Шагал у Віцебску» канатацыямі, якія не патрабуюць дадатковых тлумачэнняў.

Слова, як гэта заўсёды бывае, прыйшло само сабой, калі я ўбачыў міліцэйскія фуражкі на той самай прэзентацыі «Мовы» ў Гродне. Радзіма. Гэта ўсё называецца: Радзіма. Радзіма б'е цябе, але робіць цябе табой. Радзіма не заўважае цябе тады, калі ты ўжо збіраеш натоўпы на вернісажах ў Парыжы. Радзіма смяецца ў спіну. Радзіма прымушае цябе сціскаць кулакі, назіраючы за параксізмамі непрабіўнога глупства. Гэта ўсё — Радзіма. Адзін сябар, які прачытаў гэтую кнігу, сказаў, што яна — не толькі пра Шагала. Але — пра Міхалка, пра Алексіевіч, пра Адамовіча, пра Драздовіча — пра ўсіх, хто спрабаваў і спрабуе напоўніць сэнсам нашы бясконцыя верасовыя пусткі…

Вокладка — Анатоль Лазар, AdLiga. Фатаграфія — Пётр Шумаў, ураджэнец Гродна, які фатаграфаваў Радэна, Хадасевіча і Цвятаеву.

Дзякуй ЕГУ, дзякуй «Будзьме», дзякуй літоўскім сябрам, старым і новым, якія дапамагалі мне на маім шляху.

31-га кастрычніка некаторыя высновы з гэтай кнігі (але — не сама кніга) будуць прадстаўленыя на круглым стале ў Брэсце. Радзіма, Марк».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0