Хакеісты мінскага «Дынама» і в.а. галоўнага трэнера Андрэй Кавалёў звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адпусціць на волю да рашэння суда былога генеральнага менеджара клуба — в.а. гендырэктара Уладзіміра Беражкова. Копію ліста з подпісамі публікуе спартыўная газета «Прессбол», дзе Беражкоў з 1995 года па 2014-ы быў галоўным рэдактарам.

«Нам не хочацца, дый мы і не маем права даваць ацэнку дзеянням праваахоўных органаў — упэўненыя, суд вынесе справядлівы вердыкт па гэтай справе. Мы ўсяго толькі просім вас як чалавека, які добра ведае свет вялікага хакея, уважліва паставіцца да лёсу чалавека, які прыйшоў у мінулым сезоне ў мінскае «Дынама», — гаворыцца ў лісце.

Беражкоў, зазначаюць аўтары, «яшчэ да прыходу ў клуб меў вопыт арганізацыі хакейнай гаспадаркі, працуючы ў федэрацыі хакея ў той перыяд, калі яна ўставала на ногі». «У нашу каманду прыйшоў моцны прафесіянал, поўны рашучасці рэалізаваць усе свае планы і славалюбныя амбіцыі, — падкрэсліваюць падпісанты. — Яму многае ўдалося зрабіць, пачынаючы ад «дарожнай карты» — мер па развіцці беларускага хакея — і заканчваючы непасрэдна вынікам».

«Можна па-рознаму ставіцца да Беражкова, але трэба прызнаць, што ён аддаваўся працы без астатку і патрабаваў такога ж стаўлення і ад іншых», — падкрэсліваюць хакеісты. Яны просяць «праявіць да Уладзіміра Пятровіча той кавалачак звычайнай чалавечай міласэрнасці, які можна дазволіць на сёння — адпусціць на волю да рашэння суда». «Ён не ўяўляе грамадскай небяспекі і не зробіць спробаў уцячы ад правасуддзя», — упэўненыя гульцы.

Апрача таго, на іх думку, вызваленне топ-менеджара «спрыяльна адаб'ецца на іміджы мінскага «Дынама», які істотна пахіснуўся ў сувязі з апошнімі падзеямі ў клубе, і выкліча станоўчы рэзананс у айчынных і расійскіх СМІ, якія працягваюць сачыць за лёсам Уладзіміра Беражкова».

Апрача в.а. галоўнага трэнера Кавалёва ліст падпісалі 26 хакеістаў, у тым ліку Аляксей Калюжны, Нік Бэйлен, Пол Шчахура, Раян Веске, Шарль Лінгле, Лукаш Крайчак, Дзмітрый Мільчакоў, Мэт Элісан, Андрэй Міхалёў, Аляксандр Мацярухін, Артур Гаўрус.

***

14 жніўня 2015 года (у лісце хакеістаў памылкова ўказана, што гэта адбылося летась) Следчы камітэт паведаміў аб затрыманні Беражкова па падазрэнні ў крадзяжы грашовых сродкаў клуба і распачынанні ў дачыненні да яго справы на падставе ч. 3 арт. 210 КК. 27 жніўня прадстаўнікі СК і МУС расказалі журналістам, што Беражкову было выстаўлена абвінавачванне ў завалоданні грашовымі сродкамі клуба на суму 1 млрд. 90 млн. рублёў з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў (ч. 4 арт. 210 КК), што ён гатовы кампенсаваць нанесены ўрон, мае намер прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні і супрацоўнічае са следствам. У сярэдзіне кастрычніка расследаванне ў дачыненні да Беражкова было працягнута.

У ліпені гэтага года быў арыштаваны генеральны дырэктар «Дынама» Максім Суботкін. «Крымінальная справа распачатая паводле вынікаў аператыўна-вышуковай дзейнасці галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь, — паведаміў тады СК. — Дзеянні былой службовай асобы кваліфікаваныя на падставе ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

На мінулым тыдні каманду пакінуў галоўны трэнер славак Любамір Покавіч. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэта здарылася з-за ціску з боку кіраўніцтва клуба і фактычнай страты настаўнікам права голасу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?