Віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн абвясціў, што не будзе ўступаць у барацьбу за найвышэйшую дзяржаўную пасаду ў 2016 годзе.

AP

AP

Такую заяву ён зрабіў у прысутнасці кіраўніка дзяржавы Барака Абамы, выступаючы ў Ружовым садзе ля Белага дома.

«На маё рашэнне паўплывала смерць майго сына Бо, — адзначыў ён. — У мяне не будзе дастаткова часу, каб пабудаваць паспяховую перадвыбарчую кампанію».

Такім чынам, Байдэн літаральна расчысціў шлях для былой першай лэдзі ЗША Хілары Клінтан, якая на дадзены момант з'яўляецца галоўным прэтэндэнтам на вылучэнне кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі на прэзідэнцкія выбары ў 2016 годзе.

46-гадовы сын Байдэна Бо памёр 30 мая ад раку галаўнога мозгу. Гэта быў вялікі ўдар для палітыка, які ўжо другі раз губляе блізкіх людзей. Яго першая жонка Нелія і 13-месячная дачка загінулі ў аўтакатастрофе ў 1972 годзе.

Байдэн — адзін з самых вопытных амерыканскіх палітыкаў, які да абрання віцэ-прэзідэнтам звыш 35 гадоў працаваў у Сенаце ЗША. У адміністрацыі Абамы ён гуляе прыкметную ролю, у тым ліку пры прыняцці кадравых рашэнняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?