Першы палёт «Белавія» па маршруце Мінск—Адэса—Мінск запланаваны на нядзелю, 25 кастрычніка. Штодзённыя рэйсы ва ўкраінскі горад ужо значацца ў раскладзе на сайце авіякампаніі.

Рэйсы па маршруце Мінск—Адэса—Мінск будуць выконвацца штодня. У авіякампаніі называюць мінімальныя цэны, у якія абыдзецца білет. У эканом-класе — каля 1 мільёна 900 тысяч рублёў (97 еўра) у адзін бок і каля 3 мільёнаў 800 тысяч рублёў (196 еўра) у два бакі. Мінімальны кошт пералёту ў бізнэс-класе ў адзін бок — каля 4 мільёнаў 100 тысяч рублёў (211 еўра), у абодва — каля 8 мільёнаў 200 тысяч рублёў (420 еўра).

Адпраўленне з Мінска ў 13.00 па мясцовым часе. Назад, з Адэсы ў Мінск, самалёт вылятае ў 14.20 па мясцовым часе. Час, які зоймепалёт у адзін бок, — паўтары гадзіны.

Пералёты плануюць выконваць на «Боінгу-737». Чакаецца, што рэйсы будуць ажыццяўляцца ўвесь год.

Рэйс у Адэсу можа стаць перспектыўным з пункту гледжання транзіту праз Беларусь, асабліва з улікам створаных умоў. Нагадаем: Украіна з 25 кастрычніка ўводзіць забарону на выкананне пералётаў над сваёй тэрыторыяй для цэлага шэрагу расійскіх авіякампаній. У адказ Міністэрства транспарту РФ таксама распарадзілася «закрыць» неба сваёй краіны для ўкраінскіх авіякампаній.

Да ўзнікнення праблемы, звязанай з узаемным «закрыццём» неба паміж расейцамі і ўкраінцамі, беларускі перавозчык збіраўся пачаць лётаць у Адэсу толькі ў 2016 годзе.

Цікава, што зарыентавалася ў зменах на рынку перавозак не толькі беларуская авіякампанія. Air Moldova збіраецца з 26 кастрычніка ўвесці рэйсы з Адэсы ў Кішынёў, якія будуць зручна стыкавацца з самалётам з Кішынёва ў Маскву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?