Брытанскае агенцтва QS Quacquarelli Symonds склала міжнародны рэйтынг вышэйшых навучальных устаноў QS EECA (Emerging Europe & Central Asia), куды ўваходзяць краіны Еўропы, якія толькі развіваюцца, і Цэнтральнай Азіі. У агляд патрапілі два беларускія ВНУ: БДУ размясціўся на 36-м месцы, БНТУ — на 72-м месцы. Аўтары рэйтынгу разглядалі больш за 500 ВНУ, аўдыт прайшлі 308 з іх, а ў апублікаваную справаздачу ўвайшлі 150 найлепшых.
Індэкс універсітэтаў 2015/2016 ахоплівае 30 краін: былыя дзяржавы Усходняга блока, Турцыю, краіны СНД і Прыбалтыкі. У топ-100 патрапілі ўніверсітэты большасці краін рэгіёну.
Беларусь у спісе 150 найлепшых ВНУ прадстаўлена двума ўніверсітэтамі: Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Нашы ВНУ, у параўнанні з мінулым годам, калі быў выпушчаны пілотны рэйтынг QS EECA, палепшылі свае пазіцыі: БДУ падняўся з 38 на 36 месца, а БНТУ, які раней знаходзіўся ў сегменце 71—80, трывала заняў 72 месца.
Лідарам рэйтынгу, як і ў мінулым годзе, стаў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт ім. М.В.Ламаносава (МДУ).
Топ-10 ВНУ рэйтынгу QS EECA
1. Маскоўскі дзяржаўны універсітэт ім. М.В.Ламаносава (МДУ) (Расія)
2. Новасібірскі дзяржаўны ўніверсітэт (Расія)
3. Карлаў універсітэт у Празе (Чэхія)
4. Тартускі ўніверсітэт (Эстонія)
5. Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт (Расія)
6. Варшаўскі ўніверсітэт (Польшча)
7. Ягелонскі ўніверсітэт (Польшча)
8. Чэшскі тэхнічны ўніверсітэт у Празе (Чэхія)
9. Масарыкаў універсітэт (Чэхія)
10. Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут (Расія)
Самым лепшым універсітэтам Літвы складальнікі рэйтынгу назвалі Віленскі ўніверсітэт — ён заняў 19-е месца. Латвійскі ўніверсітэт заняў 46-е месца. Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі складальнікі паставілі на 39-е месца.
Агульны бал ВНУ, а значыць яго месца ў рэйтынгу, грунтуецца на аналізе дзевяці крытэрыяў:
• акадэмічная рэпутацыя - 30%
• рэпутацыя сярод працадаўцаў - 20%
• суадносіны колькасці студэнтаў да колькасці супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу - 15%
• доля запрошаных супрацоўнікаў з іншых краін - 2,5%
• доля замежных студэнтаў - 2,5%
• доля супрацоўнікаў з вучонай ступенню - 5%
• эфектыўнасць інтэрнэт рэсурсаў - 10
• колькасць апублікаваных артыкулаў, якія прыходзяцца на аднаго супрацоўніка - 10%
• цытаванасць артыкулаў - 5%
Нагадаем, раней быў апублікаваны сусветны рэйтынг універсітэтаў QS World University Rankings, які выдаецца гэтым жа брытанскім агенцтвам QS Quacquarelli Symonds. У яго таксама трапілі два беларускія ВНУ: БДУ ў групу 421—430 і БНТУ ў групу 701+.