Урачыстая цырымонія перадачы электронных сродкаў навучання — планшэтаў, мультымедыйнага праектара і абсталявання для сувязі wi-fi — ад карпарацыі ZTE адбылася сёння ў мінскай беларускамоўнай гімназіі №23.

Удзел у мерапрыемстве прынялі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая Цуй Цымін, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, дырэктар ЗТАА «ЗТЕ» Тан Лухаа.

Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі, Цуй Цымін адзначыў, што беларуска-кітайскае партнёрства актыўна развіваецца ва ўсіх абласцях, у тым ліку ў сферы адукацыі.

«Дзеці і моладзь — гэта наша будучыня. Кітайскі ўрад надае вялікае значэнне прафесійнаму развіццю маладога пакалення Кітая. І ў Беларусі вельмі добрая адукацыйная падрыхтоўка. Таму мы асабліва рады ўнесці свой уклад у вялікую працу па развіцці маладога пакалення», — сказаў пасол Кітая.

Са свайго боку дырэктар ЗТАА «ЗТЕ» Тан Лухаа адзначыў, што выкарыстанне электронных сродкаў навучання карпарацыі павысіць эфектыўнасць навучання школьнікаў.

«Мы рады садзейнічаць супрацоўніцтву Беларусі і Кітая, асабліва ў сферы адукацыі. Перадача электронных сродкаў навучання — наш ўклад у дынамічныя адносіны дзвюх краін. Спадзяемся, што гэты крок стане добрым прыкладам двухбаковага ўзаемадзеяння дзвюх краін», — падкрэсліў Тан Лухаа.

Словы ўдзячнасці за падтрымку дзяцей, іх творчага патэнцыялу, а таксама ў вывучэнні кітайскай мовы выказала дырэктар гімназіі Ірына Пасюкевіч.

«У гімназіі неабходна было мадэрнізаваць адукацыйны працэс, які б дазволіў вывесці на новы ўзровень якасць выкладання, у тым ліку і кітайскай мовы», — сказала яна.

Ірына Пасюкевіч адзначыла, што сталічная гімназія №23 першая з беларускай мовай навучання, у якой пачалося вывучэнне кітайскай мовы. Сёння яна адзіная ў Мінску з беларускай мовай навучання, у якой вывучаецца кітайская мова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?