Эмануіл Зэльцэр

Сьледчая ўправа КДБ вядзе справу амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, які быў затрыманы 12 сакавіка ў менскім аэрапорце, прыляцеўшы зь Лёндану.

У беларускіх праваахоўных установах дагэтуль не даюць інфармацыі пра затрыманьне ў Менску амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, вядомага экспэрта ў справах барацьбы з адмываньнем грошай. Яшчэ меней зьвестак пра тое, што стала прычынай затрыманьня. Пакуль толькі адна крыніца з пэўнасьцю сьцьвярджае, што Эмануіл Зэльцэр быў затрыманы ў Менску 12 сакавіка. Гэтая крыніца — брат адваката Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью‑Ёрку. Вось што ён сказаў «Радыё Свабода»:

«Гэта інфармацыя амбасады ЗША ў Беларусі, пацьверджаная Дзярждэпартамэнтам ЗША. У амбасады ёсьць пацьверджаньне беларускага боку, і ў Дзярждэпартамэнту ёсьць, і ў ФБР, але яны таксама вельмі мала ведаюць. Яны толькі ведаюць, што ён затрыманы. Якое абвінавачаньне — невядома».

Паводле Марка Зэльцэра, разам зь ягоным братам затрымана сакратарка — Уладлена Функ, якая мае грамадзянства Расеі, але жыве і працуе ў ЗША. Дзявочае прозьвішча Ўладлены Функ — Блузкова. У амбасадзе Расеі ў Беларусі пацьвердзілі: «Так, Уладлена Блузкова была затрымана ў Менску 12 сакавіка і праз тры дні зьмешчана ў ізалятар КДБ — «амэрыканку». Паводле зьвестак расейскіх дыпляматаў, справу расьсьледуе сьледчая ўправа КДБ.

Што вядома пра Эмануіла Зэльцэра? У 1970‑х гадох ён прыехаў у ЗША з СССР. У Нью‑Ёрку Эмануіл Зэльцэр — вядомы адвакат, ён узначальвае Амэрыканска‑расейскі юрыдычны інстытут. Паведамляецца, што пэўны час таму спадар Зэльцэр рабіў адвакацкія паслугі Паўлу Барадзіну, былому кіраўніку справаў прэзыдэнта Расеі, якога затрымлівалі ў ЗША паводле падазрэньняў у карупцыі. Крыніцы ў інтэрнэце не выключаюць, што і затрыманьне Эмануіла Зэльцэра ў Менску неяк зьвязана з паслугамі, якія той рабіў кліентам з Расеі.

Марк Зэльцэр кажа, што ягоны брат ніколі раней у Беларусі ня быў. Марк Зэльцэр непакоіцца за здароўе брата, якога называе «вельмі хворым» чалавекам.

«У яго падагра, у яго дыябэт. Яму вельмі патрэбныя пэўныя лекі кожны дзень».

Марку Зэльцэру невядома, ці мае ягоны брат патрэбныя лекі ў турме. Ён гатовы перадаць брату любыя лекі, але ня ведае, як гэта зрабіць. «У амбасадзе мяне папярэдзілі, што лекі ўвогуле могуць празь беларускую мяжу не прапусьціць». Марк Зэльцэр зьвярнуўся ў консульства Беларусі ў Вашынгтоне з просьбай тэрмінова выдаць яму візу, каб прыехаць у Беларусь і наведаць брата, але адказу пакуль не атрымаў. Вэрсіі затрыманьня свайго брата Марк Зэльцэр не камэнтуе. Ён кажа, што яму нічога не вядома пра тое, што Эмануіл Зэльцэр працаваў адвакатам у Паўла Барадзіна.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0