Дачка прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна Кацярына Ціханава дала сваё першае інтэрв'ю расійскім СМІ.
Інтэрв'ю з Ціханавай правялі журналісты расійскага «Інтэрфакса». У ім няма ніводнага пытання пра тое, ці сапраўды яна дачка Пуціна. Акрамя таго, яно не ўтрымлівае адказу на пытанне, якім чынам менавіта яна ўзначаліла фонд са шматмільённым абаротам грошай.
У інтэрв'ю Ціханава заявіла, што прыйшла ў фонд «Інапрактыка», таму што вучылася ў МДУ і да гэтага часу займаецца там навуковай дзейнасцю ў галіне тэорыі кіравання.
«Калі дакладней, то мая праца ляжыць у галіне кагнітыўнай навукі і знаходзіцца на стыку як мінімум пяці дысцыплін — матэматычнага мадэлявання, механікі, псіхалогіі, фізіялогіі, і ў прынцыпе тычыцца біяхіміі», — сказала яна.
Як вядома, асабістае жыццё Уладзіміра Пуціна старанна хаваецца. Вядома, што ў яго ёсць дзве дачкі. У СМІ і палітычных колах кажуць, што Кацярына Ціханава — дачка Пуціна.
У фэйсбуку кіраўнік эканамічнага аддзела «Інтэрфакса» Юрый Пагарэлы ўскосна пацвердзіў, што Ціханава — дачка прэзідэнта. Каментуючы пост галоўрэда РБК Лізаветы Асяцінскай, ён растлумачыў: «Ліза, табе часта дачка Пуціна дае інтэрв'ю? Нам яна дала вось на такіх умовах — толькі пра МДУ. І без фатаграфіі. Нам акей», — напісаў ён.
Як пісаў заснаваны Аляксеем Навальным «Фонд барацьбы з карупцыяй», Кацярына Ціханава ўзначальвае нікому невядомы фонд з найбуйнейшым гадавым бюджэтам у 281 млн рублёў.