Анатоль Сыс быў з шэрагу «праклятых паэтаў» — шалёна таленавіты і адчайна беспрытульны.

Калі маці Анатоля Сыса была ім цяжарная, яна, дапамагаючы суседцы надвячоркам падліць газы ў запаленую лямпу, па неасцярожнасці ўчыніла пажар і абгарэла. У тую ж самую ноч нарадзіўся Анатоль.

Анатоль Сыс лічыў, што беларуская мова павінна стаць дзяржаўнай у рэспубліцы, а ўсе праграмы аб разьвіцьці двухмоўя ў Беларусі называў «працягам той дыверсіі, якую задумаў яшчэ Сталін са сваімі марыянеткамі». Як вынік, Сыс забараніў перакладаць свае вершы на расейскую мову да часу, пакуль беларуская мова ня стане раўнапраўнай. 

Помнік на магіле Анатоля Сыса, зроблены Гэнікам Лойкам, важыць амаль 700 кіляграмаў, а праца над ім вялася амаль год.

Пахаваны Анатоль Сыс (1959—2005) у сваёй родавай вёсцы Гарошкаў над Дняпром. Фота помніка — Міхася Скоблы. Магілай апякуюцца сёстры Анатоля.

* * *

Традыцыйнае літаратурна-музычнае свята ў ганар Дня нараджэння Анатоля Сыса адбудзецца 24 кастрычніка.

Пачатак — з ускладання кветак на магілу паэта а 12-й гадзіне на могілках, што на пагорку злева ад трасы Каленкавічы—Гомель, калі рухацца ў бок Гомеля. Далей свята працягнецца на падворку роднай хаты творцы.

Маналог Апанаса Філіповіча

У гэтай краіне не маю я дому,

вось воблака — сяду і ў свет палячу

над гэтай гаморай, над гэтым садомам,

ні грошай, ні славы — я волі хачу.

 

У гэтай краіне не маю я долі,

вось посах і торба і сотні дарог.

Па долі пайду. Не вярнуся ніколі.

Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.

 

У гэтай краіне не маю я Бога,

ушчэнт разапселі яго святары:

дзе церні павінны насіць — носяць рогі,

які ж тагды Бог, калі служкі звяры?

 

У гэтай краіне не маю я роду,

забыўся народ мой наймення дзядоў,

і свету не бачыць далей азяроду,

і дзецям не дорыць на шчасце падкоў.

 

У гэтай краіне не маю я песні,

якая б народнай была і маёй,

якую б сябрына запела ў Бярэсці,

а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзвіной…

 

У гэтай краіне не маю я дому,

вось воблака — сяду і ў свет палячу

над гэтай гаморай, над гэтым садомам,

ні грошай, ні славы — я волі хачу,

 

бо ў гэтай краіне не маю я волі…

***— З чаго пачаць?..

— З чаго пачаць?..

Пачну з Радзімы.

Так абавязаны пачаць.

— Але ў яе ты не адзіны,

навошта пра любоў крычаць?

 

— Няхай, няхай я паўтаруся

ў любові тысячу разоў,

затое шчыра ў ёй клянуся,

без фальшу, без падробных слоў.

 

— Што ж, пачынай. Сам выбраў долю…

й нядоля знойдзецца сама.

Перад табою поле бою —

тут не адзін паэт сканаў.

***Радзіма пачынаецца з жанчыны…

Радзіма пачынаецца з жанчыны.

Я гэта адчуваў, а ўразумець

яшчэ не мог — дзіцём шчапаў лучыну,

каб хворую матулю адагрэць,

 

і разам з ёй да позняе гадзіны

мы слухалі трывожна крыгалом,

не ведаў я, што грэў тады Радзіму

і не падманным, а жывым агнём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?