Прэм'ер-міністарка Ева Копач («Грамадзянская платформа», на фота справа) і лідарка правай апазіцыі Беата Шыдла («Права і справядлівасць», на фота злева) сышліся ў тэледэбатах у панядзелак увечары. Дыскусію транслявалі адначасова як дзяржаўныя, так і прыватныя польскія тэлеканалы і найбуйнейшыя парталы.

Дэбаты ў Польшчы праводзяцца па амерыканскім прынцыпе: палітыкі размаўляюць між сабой і адказваюць на пытанні журналістаў з розных выданняў.

Сацыёлагі даюць «Праву і справядлівасці» ад 32 да 39% галасоў, а Грамадзянскай платформе — 20 да 28%. Сацыялагічныя апытанні праводзяць незалежныя ад дзяржавы і асобных партый сацыялагічныя службы.

На мяжы выбарчага бар'ера балансуе блок Аб'яднаных левых, так і Польская сялянская партыя, а таксама ліберальная «Сучасная Польшча», Выбарчы спіс Кукіза і партыя польскага Жырыноўскага Корвіна-Міке.

Польскія ліберал-кансерватары з кіраўнічай Грамадзянскай платформы і нацыянал-кансерватары з «Закона і справядлівасці» кансэнсусна праводзяць палітыку, скіраваную на падтрымку незалежнасці Беларусі і Украіны. Польскія нацыяналісты, у сваю чаргу, да беларусаў і ўкраінцаў ставяцца непрыхільна, а са стратай Вільні, Гродна і Львова не змірыліся. Да іх ліку можна залічыць выбарцаў Кукіза. У той жа час Корвін-Міке, як і частка Аб'яднаных левых, звязаныя з Масквой.

Сацыяльная платформа польскіх нацыяналістаў блізкая да пазіцыі французскага Нацыянальнага фронту.

У Польшчы для пападання ў Сойм партыя павінна набраць мінімум 5% галасоў, а блок — 8%. Сістэма выбараў у Сойм — прапарцыйная. У Сенат жа выбіраюць па мажыратарнай сістэме простай большасцю галасоў.

У Сойме 460 дэпутатаў, у Сенаце — 100.

Магчыма, менавіта адна з меншых партый і стане партнёрам пераможцы па ўрадавай кааліцыі.

Апошнія восем гадоў Польшчай кіравала кааліцыя Грамадзянскай платформы і Польскай сялянскай партыі.

Польшча — дэмакратычная краіна, кіруючая і апазіцыйныя сілы маюць роўны доступ у тым ліку да дзяржаўных СМІ.

Асаблівасцю апошніх выбараў стала тое, што ўпершыню абедзве найбуйнейшыя партыі на выбары вядуць жанчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?