Яшчэ раз пра дыскі. Крама. «Усё жыцьцё — дзіўны сон».

«Яшчэ ніколі працэс запісу ня быў такім творчым і адначасова складаным» — пазначаюць музыкі на вокладцы. Плытка пісалася год, на некалькіх студыях. Калісьці альбомы пісаліся «зь ліста», ці здавальняліся канцэртнікамі...

«Стары сабака загінуў». Пасталелыя музыкі на фота выгядаюць маладымі і акрылёнымі («Неба — лёс арла»). Сяржук Трухановіч зычліва ўсьміхаецца — бяз кепачкі і з доўгімі валасамі яму вельмі пасуе. Гэта ён рабіў звышякасны мастэрынг і зьвядзеньне дыску.

«Фірмовасьць» каманды падкрэсьліваецца пералікам «крутых» марак інструмэнтаў і апаратуры, якой карыстаецца «Крама» на сцэне і ў студыі.

Бадзёры пачатак «А ў грудзёх — подых бяды. Слухай мяне — застанесься жывы». Што праўда, тое праўда. Адразу чутно, які кайф атрымліваюць самі музыкі ад граньня — мо таму і пратрымаліся столькі... Эмігранцка-антынастальгічная «Mein Vaterland auf Wiedersehen». Рамантычна-ўзьнёслая «Лёс арла». Натхнёная Руся падпяяла на песьні «Неба». Лірычны рок-н-рол «Кіно» («На што мы страцілі свой час, не гаварылі, а маўчалі»). Рымейк старога баевіка «Стэфка. Праз 20 год» («Хто ведаў, Стэфка, што я так гарэлку палюблю»). «Едзем, Лёля» — якое ж жаночае сэрца зможа супрацьстаяць такому ўпэўненаму мужчынскаму голасу... Настальгічная «Бугі ўначы» з успамінамі пра Марка Болана. «Усё жыцьцё -- дзіўны сон» — паняволі зайздросьціш тым, для каго ўсё жыцьцё – дзіўны рок-н-рольны сон. Мо таму і церпім мы «лайдакоў»-рок-н-рольшчыкаў, бо інакш – ва што ператварылася б наша суровае і шэрае жыцьцё бязь іх? Бонус-трэкам – «Бяжы, бяжы, хлопец» зь Мікалаем Аруцюнавым.

Крыху задуменная, крыху філязофская праца, у нечым падвядзеньне вынікаў. Тут ёсьць усё тое, за што мы любілі “Краму” і заўжды будзем любіць — драйв, саўнд і сапраўдны рытм-энд-блюз. Зьявіліся ўпэўненасьць, спакой, адчуваньне ўласнай сілы. Адчуваюцца распраўленыя крылы гурту. Прыемна, што за «Краму» ўзяўся гомельскі GO-RECORDS.

Я пайду ў выведку з тым, хто любіць «Краму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?