Грамадства4040

Алексіевіч адказала: Ніколі не крытыкавала народ, толькі Лукашэнку. А ўся яго ідэя — абы ўтрымаць уладу

Пісьменніца Святлана Алексіевіч адказала на крытыку, якая прагучала з боку Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, кіраўнік Беларусі заявіў, быццам нобелеўская лаўрэатка выехала за мяжу і там выліла «цэбар бруду» на сваю краіну.

«Калі Лукашэнка павіншаваў мяне, хай не першы, я была радая, бо зразумела: усё-такі ён палітык. І раптам вось гэты каментар. Я думаю, тады ён павіншаваў, таму што гэта было перад выбарамі, тут поўна было розных камісій міжнародных, і перад сваім народам трэба было трымаць аблічча, а цяпер ён свабодны», — зазначыла пісьменніца ў інтэрв'ю радыёстанцыі «Говорит Москва».

Паводле яе слоў, яна ніколі не крытыкавала беларускі народ, а толькі палітычныя рашэнні Лукашэнкі.

«Ён такі эмацыйны чалавек … Але я б сказала, што не пра гэта сёння прэзідэнту трэба гаварыць. Народ чакае рэформаў,

у народзе назапасілася энергія, назапасіўся нейкі невялікі сярэдні клас. Ёсць людзі з грашыма, ёсць людзі з ідэямі, якія хацелі б нешта рабіць. Дакладна, калі ты ездзіш па вёсках, бачыш, што сельская інтэлігенцыя таксама гатовая да пераменаў. І чакае перамен», — дадала пісьменніца.

Святлана Алексіевіч лічыць, што не канечне рабіць тое, што робіць беларускі прэзідэнт — ездзіць па краіне, час ад часу адчытваючы якога-небудзь старшыню калгаса або дырэктара дрэваапрацоўчага камбіната. «Я дрэнна сабе ўяўляю ў гэтай ролі Меркель або Абаму. Я дрэнна ўяўляю, што калі б нейкі пісьменнік пакрытыкаваў Абаму ці Меркель, то яны б рабілі такую крыўду, раздзімалі б гэта, наогул пра гэта казалі б.

Гэта меркаванне чалавека. Я спадзяюся, што мы жывём не пры феадалізме. І я спадзяюся, што Лукашэнка не думае, як французскі манарх: «Дзяржава — гэта я».

Калі крытыкуеш яго, значыць крытыкуеш народ. Гэта зусім не так. Але людзі пра іншае: людзі чакаюць пераменаў, яны хацелі б не вось гэтую дробную кухонную сварку, у якую ператвараюцца адносіны прэзідэнта з інтэлігенцыяй і асабіста са мной», — лічыць пісьменніца.

«Мы маленькая краіна, мы маглі б, напрыклад, мець або сацыял-дэмакратычны варыянт, або так, як у Прыбалтыцы. Або ўрэшце ёсць сінгапурскі варыянт, калі за 20 гадоў прыйшоў чалавек, сапраўды прэзідэнт, і з камарынага балота пабудаваў сучасную краіну. Таму што ён даў адукацыю, даў вучыцца кожнаму дзіцяці, даў волю бізнэсу, ідэям бізнэсу, калі гэта на карысць. Вось пра што трэба гаварыць. Мы, увогуле ж, спазняемся. А ў што мы ператвараемся? Дасць Расія нам чаго-небудзь ці не дасць? Калі дасць — праямо. Дасць Міжнародны валютны фонд ці не дасць? Калі дасць — зноў праямо. Ідэй няма. Разумееце?

Вось я думаю, гэта праблема, і ў Расіі, і ў Беларусі. Ніводнай ідэі, акрамя ваеннай ідэі.

А ў нас наогул ніякай ідэі. Толькі б была ўлада. Толькі б утрымаць уладу.

Так што, вы ведаеце, я заўсёды гэта кажу, калі гэта абраза беларускага або рускага народа, то я не ведаю, дзе і ў якім часе мы жывём», — канстатавала яна.

Каментары40

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі4

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі

Усе навіны →
Усе навіны

Фрыдрых Мерц выступіў супраць міру ва Украіне на ўмовах Масквы10

У Вашынгтоне і Кіеве раскрытыкавалі прапанаванае Пуціным трохдзённае перамір'е8

У Літве ўрад хоча дазволіць работнікам браць бальнічныя на даверы, без паходаў у паліклініку

У Гродне пабудуюць два новыя гандлёвыя цэнтры

Лаўроў запатрабаваў, каб увесь свет прызнаў расійскімі акупаваныя тэрыторыі Украіны8

«Крумкачы» прадставілі сваю новую форму. Яна з выцінанкай3

Пуцін абвясціў трохдзённае перамір'е ў гонар 80-годдзя Перамогі11

У Іспаніі і Партугаліі знікла электрычнасць4

Азаронак адказаў блогерцы: Падняў ж*пу і прашвырнуўся па гандлёвых кропках17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі4

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць