У Беларусі ствараецца рэспубліканскі водна-балотны заказнік «Белы Мох». Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 883 ад 21 кастрычніка, паведаміла прэс-служба ўрада. 

Заказнік «Белы Мох» агульнай плошчай 887,55 га размешчаны ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Яго ствараюць для захавання ў прыродным стане каштоўных леса-балотных экалагічных сістэм, дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама месцаў іх вырастання і пражывання. 

На тэрыторыі заказніка забараняецца праводзіць работы па гідратэхнічнай меліярацыі і змяненні гідралагічнага рэжыму, разведцы і распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў, размяшчаць адходы (за выключэннем часовага захоўвання ў санкцыянаваных месцах), знішчаць ці пашкоджваць драўнінна-хмызняковую расліннасць, выпальваць сухую траву. Пастановай таксама замацаваныя іншыя забароны, якія датычацца правядзення розных работ (у тым ліку будаўнічых) у заказніку. 

Рэжым аховы і выкарыстання заказніка «Белы Мох» улічваецца пры распрацоўцы праектаў і схем землеўпарадкавання, лесаўпарадкавання і меліярацыі зямель, горадабудаўнічых праектаў і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Астравецкага раёна. 

Заказнік абвешчаны без выключэння ў карыстальнікаў зямельных участкаў. Землекарыстальнікі абавязаныя выконваць прыродаахоўны рэжым новага заказніка. 

Астравецкаму райвыканкаму даручана на працягу шасці месяцаў зарэгістраваць заказнік і ўстанавіць на яго межах спецыяльныя інфармацыйныя знакі. 

Пастанова набыла моц пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?