Матч баскетбольнага турніру Адзіная ліга ВТБ «Цмокі-Мінск» з «Красным Акцябром» (Валгаград), які першапачаткова быў прызначаны на суботу і меў гасцявы статус, адбудзецца 31 кастрычніка на «Мінск-Арэне» і пачнецца а 17.00, паведамляе афіцыйны сайт беларускага клуба.

Перанос матчу ў беларускую сталіцу звязаны з тым, што рашэннем дырэктарата лігі арэна «сталевараў» дыскваліфікаваная ў сувязі з недастатковай умяшчальнасцю і немагчымасцю арганізаваць тэлевізійную трансляцыю. 

***

Адзіная ліга ВТБ — баскетбольны турнір з удзелам 16 камандаў (9 з Расіі, па адной з Беларусі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Чэхіі, Грузіі і Казахстана), што гуляюць паміж сабой у два колы (усяго 30 матчаў). Летась мінчукі фінішавалі на 15-м месцы.

«Цмокі» ў сёлетнім сезоне правялі чатыры матчы: у трох перамаглі (прычым усе ў гасцях) і ў адным прайгралі (дома «Зеніту»). У мінскага клуба — 7-е месца ў турнірнай табліцы. «Красны Акцябр» з адной перамогай і чатырма паразамі займае 13-ы радок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0