У Мінску 5—6 лістапада пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя «Вялікае княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура», паведаміў журналістам 27 кастрычніка дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч. 

Паводле яго слоў, удзел у канферэнцыі ўжо пацвердзілі 140 даследчыкаў, больш за 40 з іх — замежныя: літоўскія, польскія, расійскія, украінскія. 

«У межах працы форуму мы з нашымі замежнымі калегамі абмяркуем нашы новыя напрацоўкі ў даследаванні гісторыі Вялікага княства Літоўскага, выслухаем іх, але і будзем адстойваць свой пункт гледжання на гісторыю ВКЛ, — сказаў гісторык. — Па выніках канферэнцыі ў 2016 годзе будзе выдадзены вельмі цікавы зборнік навукова-даследчых работ, які будзе цікавы не толькі вучоным, але ўсім тым, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй перыяду існавання Вялікага княства Літоўскага». 

У межах канферэнцыі будуць працаваць археалагічная выстава артэфактаў, кніжная выстава. Для стварэння атмасферы, якая адпавядае тэме канферэнцыі, на форум запрошаныя музыканты гурту «Стары Ольса», клубы гістарычнай рэканструкцыі. 

Арганізатар канферэнцыі — Інстытут гісторыі НАН Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?