Баранавіцкага актывіста Рыгора Грыка прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за правядзенне перадвыбарнага пікета Таццяны Караткевіч, паведаміў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, які быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Караткевіч.
Маслоўскі ўдакладніў, што размова ідзе пра пікет, які правёў грамадскі актывіст Грык 27 верасня ў Баранавічах.
«Пікетаванне адпавядала месцу, даце і часу, пазначаным у паведамленні, якое я, як давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Караткевіч, загадзя накіраваў у Баранавіцкі гарвыканкам. Гэты перадвыбарны пікет быў узгоднены са мной, а мой удзел у ім не быў абавязковым, — дадаў Маслоўскі. — Пікетаванне прайшло без прэтэнзій да мяне, як да заяўніка. Затым стала вядома, што ў дачыненні да Грыка за гэты пікет склалі пратакол як за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства».
Паводле слоў Маслоўскага, 27 кастрычніка ён выступіў сведкам з боку Грыка ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, дзе разглядаюцца матэрыялы гэтай справы.
«Па ўсёй Брэсцкай вобласці праходзілі агітацыйныя пікеты за кандыдатаў у прэзідэнты і без удзелу іх давераных асоб. І толькі ў Баранавічах такога пікетоўца судзяць. Я лічу, што прыцягненне Грыка да адміністрацыйнай адказнасці не толькі супярэчыць Канстытуцыі, выбарчаму заканадаўству, але і з'яўляецца палітычна матываваным», — заявіў Маслоўскі.
Ён адзначыў, што судовае пасяджэнне працягнецца 28 кастрычніка.