Выключаныя з палітычных матываў студэнты і звольненыя работнікі не застаюцца сам-насам з сваімі праблемамі. З ініцыятывы бацькоў затрыманых утварыўся Аргкамітэт дапамогі рэпрэсаваным. Апрача бацькоў пацярпелых, цяпер ён аб’ядноўвае яшчэ юрыстаў, праваабаронцаў, мэдыкаў, моладзь.

Аргкамітэт дзейнічае ў чатырох кірунках: уладкаваньне на навучаньне выключаных з ВНУ студэнтаў, працаўладкаваньне звольненых з працы (ужо ёсьць прапановы з боку прадпрымальнікаў), матэрыяльна-гуманітарная дапамога (з боку сьвятароў і прадпрымальнікаў), мэдычная рэабілітацыя.

«У нас ёсьць зьвесткі пра больш як 30 звольненых чалавек. Ня ўсе зь іх сядзелі суткі, ёсьць тыя, хто актыўна ўдзельнічаў у ініцыятыўных групах. Большасьць зь іх – зь невялікіх гарадоў: у Воршы чалавек сем, у Барысаве шмат. Шмат хто зь іх ня хоча ехаць за мяжу, а застацца працаваць у Беларусі. Нас радуе, што ёсьць прадпрымальнікі, якія самі на нас выйшлі і кажуць, што гатовыя гэтым людзям дапамагчы», – распавядае Вераніка Дзядок.

Пералік звольненых уражвае разнастайнасьцю: супрацоўнік Акадэміі навук Аляксей і ягоны брат Аляксандар Конашы, 2 бармэны і 3 супрацоўнікі банкаў... «Чалавек з Глыбокага нам напісаў, што працаваў перакладнікам у АБСЭшнікаў, а цяпер ня можа знайсьці працу. Яму пагражаюць КДБшнікі», – кажа В.Дзядок.

З факультэту міжнародных стасункаў БДУ звольнілі выкладчыцу нямецкай мовы Натальлю Скакун. Настаўнік фізыкі й інфарматыкі СШ №166 Менску Аляксей Більдзюк быў звольнены з працы, хоць не пасьпеў адпрацаваць 2 гады паводле разьмеркаваньня. Звольнілі настаўніка з Барысаўшчыны Зьмітра Панкаўца, аўтара «НН».

26 красавіка пачаўся суд вядучага спэцыяліста Ўладзімера Грыдзіна супраць філіялу 520 «Беларусбанку» за незаконнае звальненьне: яго затрымалі 8 сакавіка ў машыне, якая везла зь мітынгу апаратуру, і далі 15 сутак. Пасьля выхаду на волю Ўладзімер даведаўся пра звальненьне.

Найчасьцей звальняюць з фармулёўкамі «за прагулы». Зрэшты, выкладчыка пэдунівэрсытэту Юр’я Бачышчу звольнілі яшчэ падчас выбарчай кампаніі за «амаральны ўчынак»: у чым быў той учынак, Бачышча ня можа даведацца й дагэтуль, калі судзіцца з ВНУ.

«Колькі звольнена і выключана – сказаць цяжка, бо сьпісы растуць і кожны дзень удакладняюцца», – кажа Іна Кулей. Анкеты правяраюць тры бакі: бацькоўскі камітэт, праваабаронцы, студэнцкія актывісты. «На сёньня ў нас 23 студэнты прайшлі сумоўе. Але ў сьпісах – большая колькасьць». Па колькасьці выгнаных студэнтаў ганебную тройку лідэраў складаюць БДУ, БДПУ і Тэхналягічны ўнівэрсытэт. «Да нас яшчэ ня ўсе і зьвяртаюцца. Венядзікт Кляўзэ распавёў, што разам зь ім выключылі яшчэ 12 чалавек. Да нас яны не ідуць, бо ім паабяцалі, што адновяць у наступным сэмэстры... Бывае, да нас прыходзяць і распавядаюць: з намі ў камэры сядзелі студэнты, іх адлічылі, але яны ня хочуць за мяжу, таму нікуды не ідуць», – распавядае Вераніка. Хлопцы зьвяртаюцца больш ахвотна, бо над імі «вісіць» пагроза войска.

Многія гісторыі вартыя асобнага апісаньня. Сірата Даніла Пажараў вучыўся ў Гомельскім унівэрсытэце на спэцыяльнасьці «геалёгія»: яго выключылі пасьля «сутак» за Плошчу, і хлопец застаўся проста бяз сродкаў да існаваньня. У аргкамітэт ён зьвярнуўся ня сам, а дзяўчына, якая была зь ім, напісала ліст.

Студэнту-пяцікурсьніку зь Беларускай акадэміі музыкі Віталю Бокуну не далі абараніць дыплём: яго выключылі за тое, што адмовіўся паставіць подпіс за вылучэньне Лукашэнкі. Цяпер ён паляціць абараняць дыплём у Брытанію, а фінасава дапаможа ў гэтым лёнданская эмігранцкая суполка.

У аргкамітэце дапамагаюць ня толькі тым, хто пацярпеў падчас выбарнай кампаніі. Кацярыну Жылінскую адлічылі ў верасьні 2005 г. за... паездку ў Польшчу. У сакавіку 2006 г. яна ўжо трапіла на «суткі» за абарону намётавага мястэчка. Алену Копач адлічылі ў сьнежні з прычыны, не зьвязанай з выбарамі. «Але мы ёй будзем дапамагаць: у яе былі і ператрусы, і размовы з КДБ».

Іна Кулей зважае на тое, што парушэньні адбываюцца нават у самой працэдуры выключэньня з ВНУ: «Шмат каго з студэнтаў адлічваюць задняй датай – 17, 9 сакавіка. Бываюць сьмешныя выпадкі: чалавека «адлічылі» 17 сакавіка, а на 18-га ў яго накіраваньне на лябараторную па хіміі».

«Мы накіроўваем ня проста ва ўнівэрсытэт, а ў краіны, зь якімі ёсьць дамовы на ўзроўні ўраду. Гэта гарантыя навучальнага месца ня толькі на адзін год, але і надалей», – кажуць у аргкамітэце. Такія дамовы ёсьць з Эстоніяй, Латвіяй, Польшчай, Славакіяй, аднак шмат якія ВНУ самастойна прапануюць аргкамітэту свае паслугі.

Польшча, згодна з праграмай падтрымкі імя Кастуся Каліноўскага, ахвяравала 300 месцаў для выключаных студэнтаў зь Беларусі. Праграма інтэнсіўных курсаў польскай мовы для беларускіх студэнтаў павінна была пачацца зь ліпеня, а заняткі – з кастрычніка. «Але я прасіла, каб інтэнсіўныя курсы для першай групы пачаліся тэрмінова. Гэта – для тых, хто знаходзіцца пад пагрозай адпраўкі ў войска ці пад пагрозай крымінальных справаў», – распавядае І.Кулей.

Пры выбары месца навучаньня ўлічваюцца пажаданьні саміх студэнтаў (якую спэцыяльнасьць хацелі б вывучаць далей), якія мовы ведаюць. Многія студэнты жадаюць на новым месцы асвойваць новыя сфэры. Самыя папулярныя – паліталёгія, сацыялёгія, журналістыка. «Выключаныя людзі – вельмі актыўныя, таму яны хочуць вывучаць нешта, зьвязанае з палітыкай. Але ёсьць і выняткі. Люда Асіпенка, напрыклад, сказала, што хацела б вывучаць спэцыяльнасьць, якая будзе дапамагаць у будучай Беларусі», – кажа В.Дзядок. Яе дапаўняе І.Кулей: «Я нагадала часы, калі ўсе хацелі быць праўнікамі або эканамістамі, і іх набралася ў нас столькі, што іх не было куды дзяваць. Мы прапанавалі ім паглядзець па розных сайтах, якія бываюць спэцыяльнасьці. Напрыклад, рэканструкцыя гістарычных будынкаў, эканоміка».

Ня менш важны кірунак дапамогі – мэдычны. Гісторыя пра выбітыя пальцы Міхаіла Воўчака, якому ў турме адмовілі ў мэдычнай дапамозе, вядомая даволі шырока, а вось многія іншыя засталіся па-за грамадзкай увагай.

За межы Беларусі выехаў лячыцца рэдактар ваўкавыскай «Местной газеты» Андрэй Шантаровіч. Яму не аказвалі мэдычную дапамогу ў турме, куды пасадзілі перад выбарамі. Цяпер яму неабходны добры дагляд, бо пастаянна мае падвышаны ціск, а дактары падазраюць пухліну страўніка.

Аргкамітэт дбае пра пацярпелых да самага канца: «Для нас важна, каб чалавек меў гарантыі – ня проста так: паехаў, і Бог зь ім. Тым, хто паехаў на курс лекаваньня, напрыклад, нямецкае пасольства дапамагае і зь візай, і з сустрэчай на месцы, і глядзіць, як яны там жывуць-харчуюцца, і зь вяртаньнем дадому дапамагае».

І.Кулей перажывае, што найменш падтрымкі маюць непаўналетнія ўдзельнікі грамадзянскага супраціву: «Яны ня звольненыя з працы. Але заўтра ім быць абітурыентамі. І маюць дзьве праблемы. Першая – псыхалягічны стан. Другая – «хатнія» рэпрэсіі з боку бацькоў, хатні арышт. Бацькоў жа выклікаюць у школу, цягаюць у інспэкцыі... Мэдыкі прапаноўваюць гэтым дзецям рэабілітацыйны курс, каб яны не баяліся жыць, не баяліся людзей у форме пасьля гэтага».

Аргкамітэт працягвае зьбіраць зьвесткі пра тых, каму патрэбная дапамога. «Магчыма, яна трэба ня вам, а вашым знаёмым, тым, хто побач з вамі – зьвяртайцеся. Паведамляйце нам, калі ласка, празь менскі тэлефон (233-40-05) альбо электроннай поштай ([email protected])», – запрашае І.Кулей.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0