Павел Гільман.

Павел Гільман.

19 верасня Павел Гільман, малады беларускі прадпрымальнік, які жыве ў Лондане, выступаў у Мінску на бізнэс-­форуме і раздаваў інтэрв’ю. 28-­гадовы хлопец кіруе групай кампаній на брытанскім рынку нерухомасці, актыўна інвестуе ў біятэхналогіі і медыя. Але ж роўна праз месяц прозвішча Гільман загучала ўжо ў абсалютна іншым кантэксце. 19 кастрычніка бацьку і дзядзьку Паўла ў Брэсце затрымаў КДБ.

Міхаіл і Леанід Гільманы з’яўляюцца акцыянерамі і кіраўнікамі брэсцкага ЗАТ «Консул». Кожны з братоў мае па 33% акцый кампаніі. Міхаіл — дырэктар па вытворчасці, Леанід — па эканоміцы. Яны сыны вядомага беларускага вучонага Залмана Гільмана. Яму 86 гадоў, ён доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, спецыяліст-­заатэхнік.

Залман Гільман з жонкай Любоўю.

Залман Гільман з жонкай Любоўю.

Залман Гільман мае аўтарскія пасведчанні на 14 вынаходак і патэнтаў, у тым ліку за вывядзенне двух парод свіней — «беларускай буйной белай» і «беларускай чорна­пярэстай». Лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР, кавалер многіх ордэнаў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі.

У галіне АПК працавалі і Міхаіл і Леанід Гільманы. Прадпрыемства — найбуйнейшая ў Беларусі кампанія, якая забяспечвае поўны цыкл догляду за жывёлай і птушкай. «Консул» вырабляе кармы і вітамінна­мінеральныя дабаўкі, распрацоўвае праграмы кармлення і аздараўлення жывёл і птушкі, пастаўляе вакцыны і ветпрэпараты, ветэрынарнае абсталяванне, а таксама абсталяванне для жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, камбікормавых заводаў, мясакамбінатаў.

Будынак ЗАТ «Консул».

Будынак ЗАТ «Консул».

Паслугамі кампаніі, паводле звестак, размешчаных на яе афіцыйным сайце, карыстаецца больш за 500 прадпрыемстваў АПК Беларусі. «Консул» таксама мае свае прадстаўніцтвы ва Украіне, Расіі, Англіі, Польшчы і Латвіі.

Усяго з кіраўніцтва прадпрыемства затрымалі 13 чалавек, і сёння дзейнасць кампаніі практычна цалкам паралізаваная, як паведаміў газеце «Вячэрні Брэст» адзін з супрацоўнікаў «Консула». Па яго словах, аперацыя камітэтчыкаў стала поўнай нечаканасцю. На думку супрацоўніка, за ўсім гэтым крыюцца інтрыгі канкурэнтаў, бо нібыта ніякіх перадумоў для такога развіцця падзей (буйных праверак, праблем з бухгалтарскімі або фінансавымі справамі) у фірме не назіралася. Такое ж меркаванне выказаў і Залман Гільман.

«Мы так шмат зрабілі для Беларусі! Дзясяткі гадоў працавалі з самымі перадавымі гаспадаркамі. Таму, спадзяюся, гэтае пытанне неўзабаве вырашыцца, усё ўстаканіцца», — заявіў ён у каментары «Нашай Ніве».

Аднак у КДБ свой погляд на тое, што адбывалася ў «Консуле».

Паведамляецца, што, выкарыстоўваючы больш за 40 падкантрольных фірмаў, арганізатары выводзілі за мяжу валюту, ухіляліся ад выплаты падаткаў і рэалізоўвалі прадукцыю канчатковаму спажыўцу з завышэннем цаны да трох разоў. На тэрыторыі Беларусі спецслужбамі было праведзена 48 ператрусаў. Выяўлена і канфіскавана 36 пячатак замежных кампаній, праз рахункі якіх ажыццяўлялася кіраванне ценявымі плынямі. У ходзе ператрусаў канфіскавана і накладзены арышт у агульнай колькасці больш чым на два мільёны даляраў. Акрамя таго, арышты накладзеныя на 106 аб'ектаў нерухомасці, больш за 100 легкавых і грузавых аўтамабіляў.

На сустрэчы з Лукашэнкам старшыня КДБ Валеры Вакульчык заявіў, што ўдзельнікі «шэрых» схем выводзяць з абароту сродкі, не выплачваюць падаткаў і атрымліваюць велізарны прыбытак.

Якія абвінавачванні будуць выстаўленыя кіраўніцтву кампаніі і каму канкрэтна, пакуль што невядома. У КДБ сітуацыю з «Консулам» не каментуюць. Але па словах Залмана Гільмана, вядзецца следства і затрыманых кіраўнікоў прадпрыемства яшчэ ніхто не выпусціў. Залман Гільман сцвярджае, што следчыя і дагэтуль не выставілі абвінавачванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?