Горадня. Спёка. Дагарае жнівень. Слава прыехаў дадому на пару дзён. За спінай — Цэнтральная Азія і адпачынак, наперадзе — Варшава, будзённасць, праца. «Пайшлі на квас», «хадзем» — паролі для мабільных размоваў у нас простыя, не пераблытаеш. А што трапацца?

— Здаро­о­ова! — лезе абдымацца забарадзелы ды неяк коса пастрыжаны сябра.

— Прывет, прысядзем дзе?

— Давай.

Добра, што ў родным горадзе ўжо ёсць дзе прысесці: пара кнайпаў усё ж такі выстаўляе драўляныя сталы на двор. Але да іх яшчэ трэба спусціцца па Савецкай, былой Дамініканскай, а значыць, прайсці поруч з усмешлівымі дзяўчатамі з анкетамі ад нейкага арыфлэйму, крыху менш усмешлівымі, хай і бяззубымі, вулічнымі музыкамі, ну і ўжо зусім не ўсмешлівымі зборшчыкамі подпісаў — выбарчы год усё ж такі.

Во, і да нас ўжо скіраваўся нейкі дзіўны зборшчык — цёмна­сінія галіфэ, лампасы, кірзачы…

— Мужік, дай закуріть!

— Мужікі в Россіі.

— Ах..ел? —шчыра здзівіўся вусаты. — Знаешь, кто перед тобой?

— Хто?

— Казачій полковнік!

— И где твой полк?.. — беларускамоўны Слава неяк нечакана перайшоў на мову апанента. — Война ідёт, что ты тут делаешь?

— Я… занимаюсь мобілізаціей і разведкой, — менш упэўнена дадаў вусаты.

— Что­о? Это как… летчік подводного флота? — Слава паказаў белыя зубы.

— Я… шча в..бу, реально.— Рукі вусатага пацягнуліся да партупеі, намацваючы ці тое нагайку, ці тое наган — ні таго, ні другога там не аказалася.

— Олежа, успокойся, это же провокаторы. — Да вусатага падышоў яшчэ адзін тып у казачай форме ды чорных акулярах.

Мінакі ўжо спыняліся побач, але на бяспечнай адлегласці за пару метраў. Жанчына з торбамі, відаць, па дарозе з крамы, моўчкі глядзела, а вось хлопец з заплечнікам у кашулі ў клетку пачаў здымаць на тэлефон.

Вусаты, краем вока агледзеўшы аўдыторыю і пераканаўшыся, што паміж ім і Славікам стаіць яшчэ сябар у чорных акулярах, пагрозліва выгукнуў:

— Я реально в…бу!

— Тішш, Олежа, это бэнээфовцы, — ледзве чутна прашыпеў сакраментальную формулу акулярык. — Ім за это деньгі платят.

— Хадзем, — я пацягнуў Славіка за рукаво.

«Казацкі» пікет разам з кінатэатрам «Гродна» аддаляліся, вусаты яшчэ пару разоў сціснуў кулакі, нешта тлумачачы таварышу, жанчына з торбамі пайшла далей па справах, а хлопец з заплечнікам незадаволена схаваў тэлефон.

— Так уя..ць яму хацелася, — выдахнуў Слава.

— …Нас Ян чакае, спазняемся.

Насамрэч, сярод столікаў на адкрытай тэрасе каля дома Ромэра на той жа Савецкай, дзе 150 год таму праходзілі пасяджэнні паўстанцкай арганізацыі, куды заходжваў Каліноўскі, нас аніхто не чакаў. Яна яшчэ не было.

— Дзе ты там? — спытаў я ў слухаўку.

— Эмм, яшчэ на Карбышава, амаль на Сацыялістычнай… на скрыжаванні.

Пунктуальнасць дакладна не Янаў канёк. Але годзе, даўно ж не бачыліся. Дакладней, Слава з Янам даўно не бачыліся. Я часцей неяк.

— Бач, і пікет казацкі паглядзелі… — сябра трэба было падбадзёрыць.

Слава маўчаў, круцячы ў руках керамічную сальнічку з барнага стала. Калі надакучыць, я ўжо ведаю, возьмецца за сурвэткі. Вядома, які­ніякі, але выкід адрэналіну…

— А ты паліў на пікетах, як сам подпісы збіраў?

— Не­а, — не зводзячы вачэй з сальнічкі, неяк сумна кінуў Слава. — У 2006 мы нават піва не пілі, калі ўжо актыўная фаза выбараў была. І вуліцу па пешаходных пераходах пераходзілі, каб не дачапіліся…

— Вам что, молодые люді? — невядома адкуль з’явілася жанчынка год сарака ў белай кашульцы.

— Квас, два, калі ласка. І чыпсы… «Анега».

— Добра, — усміхнулася жанчынка і пайшла да суседняга століка.

Там, як назло, прысела некалькі сівых палякаў, якія адразу ж агаломшылі цётачку:

— А чЭму бялорусы не розмовяёў на свэй мове?

— Ну як не размаўляюць, размаўляем!

— Ешчэ жоднэго разу не споткалэм ту…

— Піво, тшы, — перарваў суседа дзядэк поруч.

— Есть «Лідское», «Балтіка»…

Слава абярнуўся да «польскага» століка, а потым зноў да мяне:

— Адчуваю, што спакойна гэты вечар не скончыцца… — няголены твар зноў засмяяўся, вочы заззялі, — а яшчэ як «водочкі» возьмем!..

— …Табе з падарожжа што запомнілася найбольш? — трэба было змяніць тэму. — Ці наадварот, што тут уразіла пасля Узбекістана? — я ведаў, што распавядаць пра свае падарожжы Слава можа доўга і цікава.

— Ведаеш, дзве рэчы. Першая, я як з аэрапорта ў Мінску ехаў яшчэ, дык афігеваў: колькі ў нас прыгожых дзяўчат! Ты не ўяўляеш! Я за ўвесь час там, за тры тыдні, хіба дзвюх прыгожых узбечак сустрэў. З адной сфоткаўся. Пакажу, хош?.. І гэта ж яны без чадры ходзяць!

— А другая?

— З другой не фоткаўся…

— Не, другая рэч, якая здзівіла.

— А… другая, гэта, што ў нас дэмакратыя.

—..?

— У параўнанні з імі ў нас дэмакратыя, чувак, а Лукашэнка — самы дэмакратычны прэзідэнт! Там атмасфера такая… блокпасты праз вуліцу. Калі едзе хто важны, дык увесь горад перакрываюць, прычым так: дзе хто быў, там і завісае на паўдня. Вось ехаў ты на аўтобусе, а яго спыняюць, і дзверы зачыненыя. Сядзіш там, парышся.

— Мда…

Прынеслі квас з чыпсамі. Квас свой, «Лідскі», хай і з пластыкавай бутэлькі, а вось чыпсы… Чаму «Анега»? Зразумела, што над такімі пытаннямі ў школе ані я, ані Слава не задумваліся, храбусцелі сабе — і ўсё. Але чаму чыпсы з беларускай бульбы названыя ў гонар возера ў Расеі?.. Таямніца.

— І яшчэ, ведаеш, зразумеў, адкуль узялася «шырокая руская душа», — адпіўшы, зноў пачаў Слава. — Узбекі робяць вяселлі на паўтысячы чалавек, сур’ёзна. Вось жыве сабе сям’я, бедная сям’я, а сын, напрыклад, паехаў у Маскву двары месці, зарабіў грошай і жэніцца, зразумела. То яго ўсе грошы ідуць на гэтае вяселле — уся вёска ці мястэчка гуляе. А на наступны дзень маладыя і бацькі іхныя зноў ядуць адну ляпёшку на дзень… Вось яна, таямніца «шчодрасці» і «бескарыслівасці», сячэш?

— Хм, — пасміхаюся і адпіваю крыху штучнага квасу.

— Альбо панты — тое ж самае. У чалавека там можа быць класная тачка, дарагая вельмі, але ёсць адзін момант: дарог у краіне нармальных вобмаль, бездарожжа вакол. Таму ён на ёй не ездзіць, стаіць у гаражы. Але выбраным гасцям паказвае: глядзі, маўляў, што маю!

Прыкладна ў гэты момант на скрыжаванні Савецкай і Тэльмана замаячыла хударлявая высокая постаць у галандскай куртцы колеру хакі з заплечнікам — Ян.

— О­о­о, ну давай хоць абдымемся, — Слава як быццам імгненна тэлепартаваўся з бездарожжаў Узбекістана назад у Горадню, — ну, сядай, распавядай.

— А што распавядаць…

— Ну як яно тут, ажаніўся?

— Не…

— Возьмете меню, — жанчынка ў белай кашульцы зноў узнікла побач, — ілі сразу закажете?

— Квас, — прамовіў Ян, нібы дзякуючы цётачцы за ратунак перад нязручнымі пытаннямі.

— …Мля, колькі дзяўчат прыгожых, — Слава ўжо ўзіраўся на плыню па-­летняму апранутых людзей, якія штосекунды паліравалі сваімі сандалямі ды сланцамі міжваенную брукоўку колішняй Дамініканскай.

Кажуць, што нацыя стае нацыяй, калі пераадольвае этнацэнтрызм і вырываецца вонкі. Еўропа стала Еўропай, калі вырвалася за межы Сяродземнамор’я і Балтыкі. Польшча сталася Польшчай, калі польскія археолагі пачалі капаць у Егіпце, а Бжазінскі намаляваў для сусвету «вялікую шахматную дошку». Каб адбыцца, нацыя мае асэнсаваць сваю місію, паглядзець на сябе і ўвесь свет збоку.

Мажліва, таму Беларусь ведаюць дзякуючы Скарыну, які рэалізаваў глабальны праект — прынёс друкаваную кнігу ва Усходнюю Еўропу. Дзякуючы Касцюшку — змагаўся за свабоду па абодва бакі акіяна. Дзякуючы Быкаву — напісаў геніяльныя экзістэнцыйныя творы, актуальныя ў любы час, такія сабе евангеллі памежных псіхалагічных станаў, у якіх пілоткі з зорачкамі былі ўсяго толькі рэквізітам.

А ці стаўся б Скарына без Прагі, Касцюшка без Амерыкі, Быкаў без адысеі па Еўропе? А што, калі б Скарына перапісаў за жыццё ад рукі некалькі Псалтыроў, Касцюшка адслужыў невядомым афіцэрам у арміі позняй Рэчы Паспалітай, а Быкаў пакінуў па сабе ўсяго толькі наіўна­шчымлівыя ўспаміны пра Бычкі ды іх насельнікаў?..

Слава нервова ставіўся да закідонаў накшталт «мы тут сядзім, пакутуем, змагаемся, а ты па Еўропах ездзіш». Па­першае, не па Еўропах, а па свеце, бо Слава — грамадзянін свету. Па­другое, а чаго седзіцё? Як змагаецеся? Які з гэтага плён на штодзень? Што вы канкрэтна «вызмагалі» сёння такога, што дае вам права папікаць іншых у бяздзейнасці?.. Таму, па меры змяншэння колькасці фрэндаў на фэйсбуку, змяншалася і колькасць падколак ад колішніх сяброў па першым беларускім ліцэі ў Горадні ды «Маладым фронце», сённяшніх айцішнікаў, дробных бізнэсоўцаў ды бацькоў сямействаў.

— Ты, Яне, чым займаешся?

— Паціху, у музеі цяпер у асноўным, на раскопках.

— Ясна.

Скаральнік пустыняў зноў прыціх. Ян пачаў распавядаць сумную гісторыю пра карані русафільства ў беларускім нацыянальным руху. Дыскусія, маўляў, у яго была нядаўна з нейкім гісторыкам. Пра Тарашкевіча, Ластоўскага, Луцкевіча… Дзясяткі імёнаў, якія чамусьці паспелі набіць аскоміну яшчэ ва ўніверсітэце.

Можа, варта ўвесці нейкую адказнасць для няўдахаў, якія прапагандуюць «айцоў­заснавальнікаў» так, што ад іх імёнаў пачынае нудзіць? Ці накласці мараторый на арганізацыі, якія сабе гэтыя імёны прыўласнілі, разам з магіламі ды мемарыяльнымі дошкамі, зрабіўшы так, што ад іх пахне мярцвячынай? Ці проста забараніць чытаць кніжкі па гісторыі пэўнай катэгорыі нацыянальна свядомых грамадзянаў з псіхічнымі адхіленнямі?..

— А я, ведаеш, калі прыязджаю, больш за ўсё з братам часу праводжу, — у момант «зліўшы» гістарычную дыскусію, зноў улез Слава. — А ведаеш чаму? Бо з паспяховымі людзьмі заўжды цікава, а тут яшчэ і брат. Фірма свая, шафы ды кухні збірае. А з тых, з майго пакалення, часам сумна кагосьці бачыць — калі час ідзе, а чалавек такі самы. Швэдар выцягнуты з дзіркамі ды размовы ўсе пра Лукашэнку.

Датычна ўлады ў Славы, як у колішняга актывіста процьмы кампаніяў, была свая канцэпцыя: самае дурное — гэта даць ворагу зняволіць сябе двойчы. Бо большасць «дэмакратычных актывістаў» спачатку на 15 сутак садзіць «крывавы рэжым», а ўжо на рэшту жыцця — «на пажыццёвае» — яны садзяць сябе самі, дазваляючы «рэжыму» апанаваць усе свае думкі, жаданні, фантазіі ды фобіі. Такая яна — знішчальная прырода зла.

Таму Слава шукае сэнсы жыцця ў Арызоне, Непале альбо на дне высыхаючага Аральскага мора, адкуль вярнуўся пару дзён таму, каб праз пару — паехаць у Варшаву, а не ў пыльных офісах «за сцяг і мову», дзе пануе маўчанне і скруха.

…Разлічыўшыся, выходзім з кнайпы. Палякаў за столікам ужо няма. Ян хутка развітваецца ды збягае на аўтобус — яму ў іншы бок.

 Шпацыруем уздоўж вуліцы Дзяржынскага, акурат па той частцы, якая некалі была мастом над Швейцарскай далінай, пакуль за познім Саюзам нехта не прыдумаў змяніць ландшафт ва ўсім старым цэнтры — даліну засыпаць, рэчку пусціць у трубы, збудаваць плошчу і паставіць Леніна. То бок пад Леніным — пустка, на плошчы — таксама велічэзная пустка. Архітэктары пустак.

— Глядзі якая! — хітае галавой Слава, ужо падыходзячы да прыпынку.

— Ды ну, твар.

— А фігура?

— Што фігура?

— …Табе колькі год?

— 25.

— Во, а мне 33. Калі табе 25 — цікавы твар. Калі 35 — ужо фігура. Калі 45 — цікава, каб працавала ўсё. Калі 60 — цікава, каб ужо… нічога не працавала. А калі 70 — табе цікава …усё! Ты чытаеш газеты, ідзеш у апазіцыю, у касцёл, выходзіш увечары на лавачку пад пад’езд — усім цікавішся!

Усміхаюся. Такі ён, Слава. Чаму такіх, як ён, тут так мала? А ці былі б яны такімі, жывучы тут? Пра гэта неяк не хочацца думаць…

— Калі ўжо кінеш варшаўскі офіс ды на поўнач за крабамі?

— Праз год. Во, з рамонтам у кватэры разбяруся — і за крабамі.

— Возьмеш?

— Ясна!

Усміхаюся, бо чуў гэтыя ж словы гады чатыры таму. Слава таксама ўсміхаецца.

— Я вось дакладна ведаю, што галоўнае маё падарожжа — наперадзе. І здзейсню я яго сам.

Каб Быкаў пісаў цяпер, адно з яго апавяданняў магло б сканчацца такімі словамі. Чысты экзістэнцыялізм: холад, адзінота, шчырасць.

— Сядай, твая «васьмёрка», у «перадапошняе» пакуль валі.

Абдымаемся, праз месяц­паўтара мо пабачымся. Калі не тут, дык у Варшаве. Хутчэй за ўсё, не тут…

 

Вечар цёплы, на прыпынку поўна людзей: сланцы, цёмныя акуляры, міні­спадніцы. Жнівень яшчэ дагарае.

— Сігареты не будет у Вас?

— Не палю.

— Гарно, — усміхаецца хлопец.

Дзе я цябе бачыў… Ну канечне! Гэта ж той пацан з заплечнікам, які здымаў Славікаў «срач» з казакамі на тэлефон. Толькі цяпер кідаецца ў вочы тонкая сіня­жоўтая стужка на лямцы праз плячо. Усміхаюся, «клятчасты» хлопец усміхаецца ў адказ. Турыст? Бежанец? Беларускі ўкраінец? Часы незразумелыя, шмат пытанняў.

Я азірнуўся, Cлавікава «васьмёрка» толькі цяпер кранулася са святлафора і паехала кудысьці ў ліпкае марыва апошніх цёплых дзён лета.

— Тобі котра маршрутка? — перапытаў украінец.

— Ды я мясцовы, мне тут побач…

* * *

Алесь Кіркевіч. Нарадзіўся ў 1989 у Гродне ў сям'і гісторыкаў. У 2011 быў палітвязнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0