Акцыю ў сваім фэйсбуку анансаваў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010, пісьменнік Уладзімір Някляеў. Раней аб правядзенні акцыі заяўляў былы палітвязень Мікалай Статкевіч.

«У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКВД былі расстраляныя 132 (па спісе на сённяшні дзень) беларускія паэты, пісьменнікі, дзеячы культуры і навукі, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі, — напісаў Някляеў. 

Нагадваю, што 29-га а 18.30 збіраемся каля будынку КДБ (пр.Незалежнасці, 17), каб ушаваць іх памяць.

Многія пытаюць, што браць з сабой? Сцягі, харугвы?.. Не. Толькі свечкі, лампадкі. Не будзе мітынгу, не будзе прамоўцаў і прамоў. Хвіліна маўчання. Даніна памяці».

«Яшчэ пытаюць, як быць з законам «больш за трох не збірацца»?, — задаецца пытаннем Някляеў. — У нармальнай краіне не можа быць законаў, якія б забаранялі ўшанаваць памяць загінулых. Родных і блізкіх. Па крыві, па духу. Запаліць свечкі там, дзе іх не стала. Замінаць гэтаму могуць толькі дзікуны. Такія ж, якія стралілі ў патыліцы паэтам у 37-м.

Сённяшнія супрацоўнікі КГБ кажуць, што яны - не тыя. Іншыя. Калі так, дык няхай выйдуць да нас не з дубінкамі, а са свечкамі - і стануць разам з усімі ў ланцуг памяці. Толькі тады можна будзе паверыць, што ў нашай краіне нешта можа змяніцца.

А пакуль на могілках, дзе пахаваныя ахвяры жудасных сталінскіх рэпрэсій, будуюцца дамы для забаў, а да помніка «жалезнага Фелікса», аднаго з сімвалаў тэрору, ускладаюцца кветкі, паверыць у змены цяжка. Увогуле немагчыма, бо, як сведчыць досвед іншых краін і народаў, з гэткай жахлівай мінуўшчыны можна выйсці толькі праз ачышчэнне, праз пакаянне», — напісаў Уладзімір Някляеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?