Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце смерці 31-гадовага жыхара Баранавічаў.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, прысыпанае грунтам цела мужчыны знойдзена раніцай 27 кастрычніка ў Баранавічах каля траншэі для кладкі газавага абсталявання паблізу чыгуначнага вакзала.
Загінулы працаваў зваршчыкам у арганізацыі, якая займалася работамі на гэтым участку, і не ўдзельнічаў ў раскопцы траншэі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, 26 кастрычніка мужчына вярнуўся на аб'ект пасля завяршэння працоўнага дня і пачаў шукаць у гэтай траншэі нейкія каштоўнасці. Паводле слоў яго калег, якія знайшлі цела мужчыны, той цікавіўся магчымасцю адшукаць у грунце артэфакты.
Падчас агляду месца здарэння побач з загінулым знойдзена лапата. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці рабочага прызначана судова-медыцынская экспертыза.
У гэтай сувязі УСК па Брэсцкай вобласці заклікала грамадзян самавольна не выконваць работы, якія патрабуюць адпаведнага дазволу, і не рызыкаваць сваім жыццём.