На мясцовых выбарах, якія адбыліся ва Украіне на мінулых выходных, крэсла дэпутата атрымаў Ашэр Язэп Чаркасскі — баец украінскага добраахвотніцкага палка і артадаксальны юдэй.

Ашэр Чаркасскі разам з кіраўніком Правага Сектара Змітром Ярашам.

Ашэр Чаркасскі разам з кіраўніком Правага Сектара Змітром Ярашам.

Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў украінскі палітык Барыс Філатаў.

«Ён прайшоў у дэпутаты. Другі па спісе нашай партыі. Набраў больш за адвакатаў, валанцёраў і дактароў. У працоўным раёне. Жаўнер, які абараняў Пяскі. Артадаксальны юдэй, які тыднямі на фронце еў кільку ў тамаце, бо яна кашэрная. Уцякач з Крыма, які не можа абняць сваю маці», — напісаў Філатаў.

Чаркасскі служыў у батальёне і затым палку МУС Украіны «Днепр-1» і быў некалькі раз паранены. Цяпер ён жыве ў Днепрапятроўску.

Ён запісаўся на службу добраахвотнікам у 2014 годзе і ўдзельнічаў у самых цяжкіх баях таго часу.

«Бегчы (у Ізраіль) было сорамна, і мы вырашылі застацца тут. І калі я даведаўся, што ёсць магчымасць пайсці ў добраахвотніцкі батальён, я гэта зрабіў. Гэта грамадзянскі абавязак і абавязак любога мужчыны, які сапраўды мужчына — абараніць сваю сям'ю і дзяцей», — казаў тады Ашэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?