Сёння на праспекце Незалежнасцi каля будынка КГБ у Мiнску прайшла акцыя «Ланцуг памяцi». Мэтай акцыi было нагадаць пра злачынствы сталiнiзму супраць беларускага народа i засцерагчы ад новых злачынстваў.

Людзі сталі ланцугом уздоўж праспекта і паставілі дзясяткі свечак на прыступках параднага ўваходу ў будынак. 

Акцыю арганізоўваў палітык Мікола Статкевіч. На яе сабраліся каля 150 чалавек са свечкамі. Акцыя прайшла без затрыманняў, але міліцыя склала пратаколы на яе арганізатараў.

Удзельнікі акцыі віталі воплескамі машыны, што сігналілі ім на знак салідарнасці.

29 і 30 кастрычніка 1937 года было кульмінацыяй масавых расстрэлаў беларускіх элітаў. Савецкі рэжым знішчыў больш за 90% вышэйшых чыноўнікаў, топ-менеджараў (дырэктараў і галоўных інжынераў прадпрыемстваў), святароў, інтэлектуалаў, людзей мастацтва Беларусі. Гэта была прадуманая палітыка, аналагічная той, якую праводзілі на акупаваных тэрыторыях нацысты. Яе мэтай было пазбавіць паднявольныя народы ўласных эліт — тых груп, якія былі б здольныя ўзначальваць грамадства.

Беларусь і Украіна панеслі асаблівы цяжар рэпрэсій, бо Сталін разумеў, што гэтыя «заходнія» народы СССР патэнцыйна самыя нелаяльныя. Гісторык Цімаці Снайдэр назваў нашы краіны «крывавымі землямі», якія найбольш у Еўропе пацярпелі за 1930—1950 гады.

Усяго ў Беларусі было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек, з іх каля 200 тысяч загінула. Як выявіў гісторык Леанід Маракоў, жыццё некалькіх дзясяткаў тысяч скончылася ў сутарэннях будынка НКВД. Сваіх ахвяр энкавэдысты вывозілі грузавікамі і хавалі ў безназоўных брацкіх магілах у лесе каля вёскі Цна, які цяпер называецца Курапаты.

Большую частку ўдзельнікаў тых злачынстваў знішчылі самі сталіністы, такім чынам замятаючы сляды. Аднак некаторыя з іх засталіся непакараныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?