Учора Камітэт дзяржаўнай бяспекі абвесціў аб затрыманні арганізатараў групы, якая займалася праслухоўваннем больш за 2 тысяч беларусаў — прадстаўнікоў улады, бізнэсу і СМІ. Паводле прэс-службы КДБ, злачынцы мелі больш за 1,5 тысячы замоўцаў. Пакуль мала інфармацыі, хто менавіта былі замоўцамі гэтага праслухоўвання і што хаваецца за гэтай гісторыяй. «Наша Ніва» сабрала найбольш імаверныя версіі.

Фэйк?

Здзіўляць страшылкамі беларускія сілавікі здольныя. Шмат жа хто памятае «дохлых пацукоў», якімі хацелі атруціць сталіцу перад выбарамі 2006, паводле Сцяпана Сухарэнкі. Перад гэтымі выбарамі была інфармацыя пра затрыманых 200 украінцаў, якія з бітамі ехалі на беларускія выбары. І дзе ж тыя ўкраінцы?

Былы кіраўнік Фрунзенскага аддзела КДБ у Мінску Аляксандр Баганёў такой версіі не выключае. «Наўскідку я думаю, што гэта чарговая справа, каб даць электарату «пажыву». Даўно ж нічога такога не было. Выбары ж нават прайшлі адносна ціха».

Групоўка дзейнічала на працягу трох гадоў, слухалі чыноўнікаў і сілавікоў, а пра іх КДБ нічога не ведаў. Няўжо такое бывае?

Спіхнуць «жучок» Лябедзькі?

Часам здараецца так, што самыя прымітыўныя версіі таксама маюць права на існаванне.

Зусім нядаўна лідары апазіцыі Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч выявілі «жучок» праслухоўвання ў сурвэтніцы ў кавярні «Салодкі фальварак».

Калі стала вядома пра крымінальную справу па праслушцы, то многія паўжартам напісалі ў фэйсбуку: «Зараз на іх «жучок» Лябедзькі павесяць». Маўляў, не мы праслухоўваем, а нейкія нелегалы.

Шпіянаж?

Звяртае ўвагу, што сярод тых, каго праслухоўвалі, вельмі шмат дзяржаўных служачых і сілавікоў, практычна з усіх ведамстваў. Гэта і наводзіць на думку аб магчымым замежным следзе ў справе. Ці магла замежная разведка карыстацца паслугамі прыватнай кампаніі на тэрыторыі Беларусі?

Мы папрасілі пракаментаваць гэтую версію былога супрацоўніка МУС, заснавальніка сайта Belarus Security Blog Андрэя Паратнікава. «Тэарэтычна замежныя выведкі маглі карыстацца паслугамі гэтых людзей, «замаўляючы» ім пэўных дзяржслужбоўцаў. Але шукаць тут наўпроставую руку замежнай сталіцы пакуль падставаў няма. За мяжой такія выпадкі не рэдкасць: нелегальнае сачэнне, крадзеж ці здыманне інфармацыі – частка незаконнага бізнэсу у шмат якіх краінах. Але гэта менавіта крымінал. Якім праўда тэарэтычна могуць скарыстацца і спецслужбы. Каб не свяціцца самім. Тым больш, што часта паслугі крымінальнікаў атрымліваюцца таннейшымі за аператыўную працу саміх разведчыкаў. І вынік можна атрымаць хутчэйшы, бо бюракратыі значна менш».

Разборка паміж спецслужбамі?

Нярэдка перад важнымі кадравымі перастаноўкамі ў сілавым блоку можна назіраць дастаткова дзіўныя крымінальныя справы. Перад самым звальненнем былога кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава была заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Здрада Радзіме» супраць наваполацкага слесара Андрэя Гайдукова. Як вядома, урад падаў у адстаўку, новы яшчэ не прызначаны, не выключаныя перастаноўкі і ў сілавым блоку.

Аляксандр Баганёў дапускае і такое. «Можа быць перакрыжаванне інтарэсаў спецслужб. Праслушкай жа займаецца і ДФР, і міліцыя, і ААЦ, і служба бяспекі прэзідэнта. Я не выключаю, што мог пракалоцца нехта з іх, а цяпер маўчыць. Калі гэта так, то справу павінны спусціць на тармазах».

Рэўнасць? Крымінал?

Лічбы ў гэтай крымінальнай справе ўражваюць. Аж 1500 замоўцаў за тры гады. Гэта больш чым па адной замове ў дзень. Цікава, вось вашы ўласнай сябры і знаёмыя маглі карыстацца такімі паслугамі? Выказваецца меркаванне, што праслушку мог заказваць раўнівы муж на жонку. Але, як кажуць спецыялісты, набыць адмысловае прыстасаванне для гэтага можна нават на Ждановічах. Ці шмат такіх апантаных людзей, што будуць з гэтым звяртацца да адмыслоўцаў?

Аляксандр Баганёў, які шмат гадоў прапрацаваў у КДБ, таксама адкідвае версію з крыміналам. «У нас яго няма, арганізаванага крыміналу. Можа, канечне, нейкая групоўка пачала падымаць галаву, але гэта вельмі непраўдападобна».

Дэклараваны спіс аб'ектаў для праслухоўвання — супрацоўнікі дзяржорганаў, сілавікі, дзяржаўныя і недзяржаўныя журналісты — наводзіць на думку пра магчымы след замежнай разведкі ў гэтай справе. Бо калі б гаворка ішла пра звычайную фірму, то хто мог бы быць яе кліентамі? Жонка — на мужа, партнёр па бізнэсе — на партнёра.

Але ў той жа час КДБ заявіў пра 1500 замоўцаў. Абсалютна нерэальная ў беларускіх умовах лічба. Менавіта таму эксперты не выключаюць пра нейкую больш складаную гульню спецслужбаў ці фэйк. Увогуле, беларускім спецслужбам больш уласціва хаваць інфармацыю, чым публікаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?