Сёння Аляксандр Лукашэнка анансаваў новую Ваенную дактрыну Беларусі, якая мусіць запрацаваць на пачатку наступнага годa. 

Навошта нам новая дактрына, што там будзе напісана і чаму менавіта цяпер? 

«Наша Ніва» пагутарыла пра гэта з вайсковым экспертам Аляксандрам Алесіным. 

Перадусім Алесін мяркуе, што канчатковы варыянт дактрыны грамадскасць не ўбачыць зусім, маўляў, пра гэта будзе ведаць толькі генералітэт, дый то не ўвесь. Асноўныя палажэнні давядуць да сярэдняга афіцэрскага складу, а астатнім выпадае толькі гадаць, што ж там напісана насамрэч. 

«Новая дактрына распрацоўваецца тады, калі з'яўляюцца новыя пагрозы для дзяржавы, ці могуць з'явіцца ў бліжэйшай перспектыве. І сітуацыя насамрэч змянілася: Крым, канфлікт ва Украіне, новыя гарнізоны НАТА ў Балтыі. І мы мусім мець адказ на ўсе гэтыя выклікі», — сказаў вайсковы эксперт і разам з тым адзначыў, што самая імаверная прычына з пералічаных — гэта рызыка гібрыднай вайны ў Беларусі. 

«Мы бачым, што ўжо сёння нашыя войскі спецаперацый адпрацоўваюць дзеянні ва ўмовах тыпу гібрыднай вайны, а сілы на паўднёвых межах рэпетуюць прыкрыццё граніцы. Паўднёвы бок вучэнняў абраны для таго, каб не злаваць суседзяў з Усходу і Захаду», — мяркуе Аляксандр Алесін. 

Таксама, паводле эксперта, яшчэ адно сведчанне, што Лукашэнка адчувае пагрозу з Расіі — гэта ягоная адмова ад размяшчэння авіябазы. 

«Яшчэ ў 2013 годзе Лукашэнка быў згодны на базу ў Беларусі, але цяпер, пасля Крыма, рогам упёрся. Можа ён і хацеў бы змяніць дактрыну кардынальна, але ў нашых умовах гэта больш эканамічнае, чым палітычнае пытанне. Таму думаю, што ў новай дактрыне захаваюцца прынцыповыя палажэнні пра сяброўства ў АДКБ і саюзныя адносіны з Расіяй», — перакананы эксперт. 

Алесін таксама думае, што ў новай дактрыне будуць асобныя пункты аб інфармацыйнай бяспецы краіны. Маўляў, інфармацыйная вайна сёння значыць часам больш, чым рэальная.

Таму нашыя вайскоўцы проста не могуць не прадумаць дзеянні, накіраваныя супраць прапаганды гіпатэтычнага ворага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?