З 1 лістапада спыніў сваё дзеянне рэжым ільготнага знаходжання на тэрыторыі Расіі грамадзян Украіны.
Гэта азначае, што з гэтага дня ўкраінцам у Расіі трэба звяртацца ў аддзяленні міграцыйнай службы для вызначэння статусу знаходжання ў краіне.
Ільготамі, аднак, працягнуць карыстацца ўцекачы, што пакінулі ўсходнія рэгіёны Украіны ў экстранным парадку з-за ўзброенага канфлікту ў Данецкай і Луганскай абласцях.
Як і раней, гэтая катэгорыя мігрантаў можа працягваць тэрмін знаходжання на расійскай тэрыторыі без выезду і без дазволу на жыхарства.
Паводле дадзеных ФМС Расіі, цяпер у краіне на нелегальным становішчы знаходзяцца больш за паўмільёна ўкраінцаў — гэта амаль чвэрць ад агульнай колькасці грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў Расіі.
Раней у ФМС заяўлялі, што толькі з красавіка мінулага года ў Расію заехалі больш за мільён украінцаў. Пры гэтым многія з іх ужо атрымалі дакументы, якія дазваляюць ім часовае пражыванне ў РФ.