У Азербайджане праходзяць выбары ў парламент краіны — Мілі Меджліс. Апазіцыя байкатуе іх, называючы несправядлівымі, а некаторыя вядучыя заходнія арганізацыі, закліканыя назіраць за ходам галасавання, адмовіліся пасылаць у краіну сваіх прадстаўнікоў.
За права на працягу пяці гадоў удзельнічаць у працы аднапалатнага нацыянальнага сходу змагаюцца 676 кандыдатаў.
У якасці псеўдаапазіцыі ўлады стварылі блок з сямі кантраляваных партый пад назвай «Свабода-2015».
Пры гэтым агульная колькасць месцаў у Мілі Меджліс абмежавана 125 мандатамі.
У Азербайджане моцная ўлада прэзідэнта, і заканадаўцы не граюць вырашальнай ролі.
На думку экспертаў, у парламенце зноў будуць дамінаваць прыхільнікі прэзідэнта Ільхама Аліева, які атрымаў пасаду ў спадчыну ў 2003 годзе ад бацькі, Гейдара Аліева.