Прыкладна 15 тысяч чалавек на сайце change.org паставілі подпісы пад петыцыяй з патрабаваннем спыніць будаўніцтва царквы на беразе ўнікальнага возера Балдук, якое пачата без правядзення прадугледжаных беларускім заканадаўствам грамадскіх абмеркаванняў. 

На беразе возера Балдук на мяжы з Нацыянальным паркам «Нарачанскі», пасярод гідралагічнага заказніка «Швакшты» праваслаўная царква разам з мінскім бізнесменам Мікалаем Раманевічам пачала будаўніцтва культавага аб`екта «Храм абраза Божай Маці «Жываносная крыніца», да якога, паводле планаў, дадасца падворак і дзіцячы лагер больш як на 100 месцаў. Разам з ужо наяўнымі прыватнымі пабудовамі на беразе Балдука, а таксама антрапагеннай нагрузкай у летні сезон гэта прывядзе да гібелі ўнікальнага для Беларусі возера, лічаць эколагі. Разам з навакольным ландшафтам яно было сфарміравана 9—10 тыс. гадоў таму ў выніку руху і раставання ледніка. У возера закрытая і таму вельмі адчувальная экасістэма — прыкладна 30 гадоў неабходна, каб у ім поўнасцю змянілася ўся вада. 

Петыцыя адрасавана Беларускаму экзархату Рускай праваслаўнай царквы, Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва, Віцебскаму і Пастаўскаму раённым выканкамам, а таксама Мінпрыроды Беларусі. 

Паводле меркавання яе аўтараў, пры будаўніцтве ў межах гідралагічнага заказніка «Швакшты» культавага аб`екта парушаны закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» і не былі праведзены абавязковыя грамадскія абмеркаванні ў адпаведнасці з законам «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». 

Грамадскае аб`яднанне «Экадом» сумесна з мясцовымі жыхарамі падало іск у Пастаўскі суд з патрабаваннем правесці грамадскія абмеркаванні. Для гэтага, на думку аўтараў і падпісантаў петыцыі, распачатае ўжо будаўніцтва павінна быць спынена. 

Паводле інфармацыі ГА «Экадом», Віцебскі абласны суд накіраваў справу па іску ў сувязі з грамадскімі абмеркаваннямі будаўніцтва царквы для разгляду ў суд Глыбоцкага раёна. Дата пасяджэння яшчэ не прызначана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?