Уступіла у сілу часовая забарона на пастаўкі збожжа ў краіны Мытнага саюзу, якую Расея ўвяла, асцерагаючыся рээкспарту ва ўмовах нізкіх запасаў збожжа ў краіне. На гэтае рашэнне першай адрэагавала Беларусь.

Міністэрства замежных справаў Беларусі рыхтуе ноту пратэсту з гэтай нагоды.

Забарона на вываз пшаніцы ў краіны Мытнага саюзу ўвайшла у сілу з 19 сакавіка і павінна дзейнічаць да 1 траўня 2008 года. Аднак расейскі Мінсельгас ужо паабяцаў падоўжыць дзеянне забаронных экспартных пошлін да 1 ліпеня, таму не выключана, што на гэты ж тэрмін будзе падоўжаная і забарона на любы экспарт збожжа ў краіны-саюзніцы.

Як растлумачылі карэспандэнту «Независимой газеты» ў беларускім Мінсельгаспраме, аб'ёмы закупаў пшаніцы Беларуссю настолькі малаважныя, што «гэтыя аб'ёмы можна купіць без адмысловых страт у любой краіне, нават у Канадзе». «Нас абурае іншае – парушаюцца саюзныя дамоўленасці», – растлумачыў «НГ» беларускі службовец.

Раней такую ж ацэнку дзеянняў Расеі выказала намесніца міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Надзея Каткавец. «Дрэнна, што Расея афіцыйна закрыла экспарт збожжа ў Беларусь – нават не з пункту гледжання Мытнага саюзу, а з пункту гледжання саюзнай дзяржавы», – заявіла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?