Пракуратурай Магілёўскай вобласці распачата крымінальная справа ў дачыненні да раней не судзімай 24-гадовай жыхаркі Бабруйска, якая 20 жніўня па неасцярожнасці прычыніла цяжкія цялесныя пашкоджанні свайму пяцімесячнаму сыну. 

Як паведаміла старшы пракурор аддзела абласной пракуратуры Таццяна Буракоўская, абставіны здарэння сталі вядомыя супрацоўнікам Бабруйскага РАУС пасля апытання сужыцеля падазронай. Ён расказаў, што 20 жніўня распіваў спіртныя напоі разам з сужыцелькай у доме яе бацькоў. Пры гэтым каля 15 гадзін выйшаў на кухню, укалыхваючы на руках дзіця. У гэты момант на кухню увайшла сужыцелька, з якой у яго ўзнік слоўны канфлікт. 

Жанчына схапіла швабру і нанесла яму ўдар у вобласць спіны.

Мужчына ўхіліўся, а ўдар прыйшоўся ў галаву іх малалетняга сына. Ад удару дзіцяці была прычыненая закрытая чэрапна-мазгавая траўма з пераломам касцей чэрапа, якая адносіцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Крымінальная справа перададзена ва ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці для арганізацыі правядзення папярэдняга расследавання.

За ўчыненае жанчыне пагражае да двух гадоў абмежавання волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?