Пасольства Італіі адкрывае тры візавыя цэнтры ў Беларусі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе італьянскай дыпламатычнай місіі ў Мінску.

Візавы цэнтр у Мінску пачне работу 16 лістапада, у Гомелі — 18 лістапада і ў Брэсце — 20 лістапада.

Мінскі візавы цэнтр размесціцца ў бізнес-цэнтры «Няміга Сіці» (вул. Няміга, 40); цэнтр у Гомелі — на вуліцы Рэчыцкай, 1А; у Брэсце — на вуліцы Гогаля, 82. Установы будуць адкрыты з панядзелка па пятніцу з 9.00 да 16.00 (акрамя дзяржаўных свят). У перыяд найбольшага наплыву наведвальнікаў магчыма ўвядзенне спецыяльнага графіка работы, які прадугледжвае дадатковы прыём, адзначылі ў прэс-службе.

З 2 лістапада заяўнікі змогуць забраніраваць час для падачы дакументаў на візу, скарыстаўшыся анлайн-паслугай папярэдняга запісу на сайце.

Кіраванне цэнтрамі ажыццяўляе кампанія TLScontact - пераможца тэндара па аказанні візавых паслуг на аснове аўтсорсінгу. Кампанія TLScontact з'яўляецца часткай кампаніі Teleperformance Group - сусветнага лідара на рынку візавых паслуг, што прадастаўляюцца па аўтсорсінгу.

У прэс-службе пасольства адзначылі, што паслугі візавых цэнтраў прадастаўляюцца ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі, устаноўленымі італьянскім і беларускім заканадаўствамі. «Супрацоўнікі цэнтраў змогуць пракансультаваць наведвальнікаў адносна выдачы віз, прыняць анкеты і консульскі збор, зняць адпячаткі пальцаў і адсканіраваць фатаграфіі. На ўсіх этапах падачы заявы будзе забяспечаны высокі ўзровень бяспекі захоўвання асабістых даных і абароны канфідэнцыяльнасці, згодна з нормамі беларускіх і італьянскіх законаў», — запэўнілі ў прэс-службе.

Кошт паслугі складзе прыблізна 19 еўра без уліку невялікай камісіі за валютна-абменныя аперацыі, памер якой застанецца нязменным. Аплата паслуг і камісіі будзе ажыццяўляцца толькі ў беларускіх рублях.

У той жа час візавы аддзел пасольства Італіі ў Мінску прадоўжыць прыём заяў на нацыянальныя і шэнгенскія візы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?