Пры раскопках на месцы Лаўрышаўскага манастыра ў Навагрудскім раёне знайшлі пячатку. Доктар гістарычных навук з Мінска Сяргей Рассадзін выявіў на тарцы бруска літары. Загаварылі пра сенсацыю: надпіс на пячатцы спачатку расчыталі як грэчаска-славянскую трасянку, дзе па-грэчаску напісана «святая», а па-славянску «пустынь». Праўда, грэчаскае слова чамусьці скарочанае, а кірылічныя літары незвычайныя па форме. Прафесар Рассадзін паспяшаўся назваць пячатку каштоўнасцю нацыянальнага маштабу.

Аднак пасля публікацыі яе выявы ў інтэрнэце эпіграфікі – гэта значыць, апытаныя радыё «Свабода» гісторыкі-спецыялісты па надпісах на камені – адзінадушна заявілі, што надпіс на тарцы каменнага бруска напісаны… габрэйскім квадратным шрыфтам. Ён гучыць як «Іцхак Айзі[к] (יצחק אייזיק)».

Імаверна, брусок згубіў нейкі жыд-рамеснік.

Заснавальнікамі Лаўрышаўскага манастыра ў XIII стагоддзі лічацца вялікі князь літоўскі Войшалк і святы ігумен Елісей Лаўрышаўскі. У ХІІІ—ХІV стагоддзях манастыр быў летапісным цэнтрам ВКЛ, для яго было створанае рукапіснае Лаўрышаўскае Евангелле.

Прафесар Рассадзін раней праславіўся тым, што знаходзіў рысы арнамента з беларускага дзяржаўнага сцяга на мамантавых біўнях, адкапаных на тэрыторыі Беларусі. Ён быў членам Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Падобны да апісанага выпадак адбыўся раней у Пскоўскай вобласці, дзе дачнікі знайшлі каменую пліту з загадкавымі пісьмёнамі. Быў распрацаваны цэлы алфавіт, які дазволіў пераўтварыць надпіс у досыць звязную бяссэнсіцу («і на опушке леса секом убілі, горе мне…»). А пасля яўрэі перавярнулі надпіс і прачыталі: «Пад гэтым надгробкам ляжыць набожная Хая, дачка Іцхака, пахаваная ў 1920 годзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?