Ці можна спадзявацца, што на месцы сёньняшняй Рэспублікі Беларусі некалі зноў паўстане Беларуская Народная Рэспубліка? Ці можа гістарычны ідэал БНР праз пэўны час стацца палітычным праектам? Ці гэта толькі фантазіі? БНР — гэта мінулае ці будучыня? Ці хацелі б Вы пажыць у БНР?

Адказваюць юрысты, гісторыкі, пісьменьнікі, палітыкі, чытачы «Нашай Нівы».

Лідэр «Руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч нядаўна быў у Страсбургу, дзе ўдзельнічаў у «Тыдні Беларусі». Там экс‑кандыдат на пасаду прэзыдэнта меў некалькі размоваў з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвіллай. Вось што Мілінкевіч вынес з гэтых гутарак:

«Пытаньне дзяржаўна‑прававога ладу ў пост‑дыктатарскай Беларусі вельмі важнае. Трэба ўлічваць, што цягам амаль стагодзьдзя дэмакратычнае канстытуцыйнае права прасунулася далёка наперад. Мы, відавочна, павінныя шанаваць неўміручыя ідэалы БНР і яе заснавальнікаў. Дэмакратычна абраны беларускі парлямэнт абавязкова павінен прызнаць Раду БНР як урад у выгнаньні, які цягам дзесяцігодзьдзяў захоўваў беларускую дзяржаўніцкую традыцыю і нацыянальны дух. Трэба будзе прапанаваць усім сябрам Рады стаць грамадзянамі Беларусі. Але, на маю думку, недастаткова мэханічна абвясьціць дэмакратычную Беларусь Беларускай Народнай Рэспублікай. З маіх размоваў у Страсбургу з старшынёю Рады БНР спн.Івонкай Сурвіллай я зразумеў, што ўрад БНР з радасьцю перадасьць свае паўнамоцтвы дэмакратычнаму беларускаму ўраду, які зможа рэальна гарантаваць незваротнасьць незалежнасьці і эўрапейскага — бо іншага няма — выбару Беларусі. Патэнцыял і досьвед Рады БНР будуць нам вельмі патрэбныя».

БНР перадасьць паўнамоцтвы РБ

Стваральнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец прызнаецца, што хоча пажыць у БНР.

«Трэба спадзявацца, што пераход РБ у БНР некалі ўсё ж адбудзецца. Для людзей, якія вераць у Бога, імкненьне да ідэалу ёсьць сэнсам жыцьця. Я веру, што такі пераход адбудзецца мірным шляхам, праз абуджэньне народу, як гэта ўжо неаднаразова бывала ў нашай гісторыі. Дастаткова толькі групы людзей, якія б у гэта верылі. Асабіста я мару пажыць у БНР, якая б увасобілася ў сёньняшняй Беларусі», — кажа Павал Севярынец.

Падобнае меркаваньне мае і намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Спадзяюся, што зь цягам часу ўзьнікне такая сытуацыя, што ўрад БНР перадасьць свае паўнамоцтвы дзейснаму ўраду Беларусі. Я перакананы, што Беларусь рана ці позна мусіць стаць на шлях свабоды, каб рэалізаваць усе ідэалы і каштоўнасьці БНР. Мне падаецца цалкам рэальным тое, што абвяшчэньне БНР замест сёньняшняй РБ магло б адбыцца, але пра гэта пакуль рана разважаць. Асабіста мне, безумоўна, хацелася б пажыць у БНР».

Немагчымае збываецца

Чытач «Нашай Нівы» з Заслаўя Павал Клімчык лічыць, што нічога немагчымага няма, і ў адзін дзень мы зноў можам прачнуцца ў БНР.

«Кожны сьвядомы грамадзянін Беларусі хацеў бы жыць у краіне, дзе ўшаноўваюцца нацыянальныя традыцыі, а гісторыя не перапісваецца на новы капыл з прыходам новых кіраўнікоў. У цяперашніх палітычных рэаліях спадзявацца на цуд вяртаньня да БНР не даводзіцца, але ж выключаць такую магчымасьць нельга. Падзеі 1918 году — прыклад, як немагчымае амаль імгненна можа ўвасобіцца ў рэальнасьць. Трэба любіць сваю краіну, даносіць да іншых людзей высокія ідэалы БНР, і тады, я веру, што можа ўсё ўдацца».

Контурныя карты

Больш пэсымістычны юрыст Юры Чавусаў. На ягоную думку, ня варта засяроджвацца на марах мінулага, а засяродзіцца на сёньняшняй РБ, якая існуе рэальна.

«Новае абвяшчэньне БНР нерэальнае з палітычнага пункту гледжаньня. РБ пасьпела ўвасобіцца, як рэальная дзяржава з усімі атрыбутамі. Я трымаюся кансэрватыўных поглядаў, таму лічу, што будаваць дэмакратычную краіну будзе лепш на яе грунце. Удасканальваць тое, што ўжо маем. Гэта добра ў дзяцінстве маляваць контурныя карты і мроіць пра БНР ці пра нешта яшчэ, але трэба рэальна глядзець на рэчы. Я тут прытрымліваюся словаў Канта, які казаў: «Усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае», — кажа Ю.Чавусаў.

Акт, скіраваны ў будучыню

Гісторык Анатоль Сідарэвіч перакананы, што актам 25 Сакавіка стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі пакінулі нам вялікую працу на будучыню.

«Мне падаецца, што двойчы ўвайсьці ў адну і тую ж раку немагчыма. Шчыра кажучы, я не хацеў бы, каб у пост‑РБэшнай Беларусі рабілася нешта падобнае, як у Менску ў 1917 ці 1918 годзе. Разам з тым, нам трэба імкнуцца да тых правоў і каштоўнасьцяў, якія былі замацаваныя ва Ўстаўных граматах БНР. Некалькі гадоў таму ў «Нашай Ніве» я друкаваў артыкул Антона Луцкевіча «Аб свабодах». Скажыце, ці маем мы хоць адну з тых свабодаў сёньня? Нам да іх яшчэ вельмі далёка! Некалі доктар Язэп Сажыч казаў, што ўрад БНР перадасьць свае паўнамоцтвы ўраду Беларусі тады, калі ў краіне адбудуцца вольныя парлямэнцкія выбары. Я ня ўпэўнены, што нам трэба вяртацца да назвы Беларуская Народная Рэспубліка, да гэтага не вярнуліся ні Літва, ні Ўкраіна. Затое існуе Кітайская Народная Рэспубліка. Натуральна, што БНР зь яе Ўстаўнымі граматамі — гэта заданьне нам на заўтра. Акт, які скіраваны ў будучыню».

Ідэалы на тое і ідэалы

Яшчэ адзін чытач «НН» Янка Марозаў (мы тэлефанавалі першым‑лепшым падпісчыкам) лічыць, што досьвед БНР у любым выпадку будзе карысным для нашай краіны:

«БНР — важная частка нашай гісторыі і сучаснасьці. Гэта памяць, якую нельга занядбаць і досьвед, які варта прымяніць. Ідэалы на тое і ідэалы, што іх немагчыма напоўніцу рэалізаваць у рэчаіснасьці. Марксізм таксама быў геніяльнай утопіяй, і мы ўсе ведаем, што з гэтага ўдалося. Можа стацца, што БНР некалі стане не гістарычным, а палітычным праектам, але не напоўніцу, а ў пэўнай частцы. Напрыклад, ідэя, каб орган выканаўчай улады называўся Радай, вельмі мне імпануе».

Першы рэдактар адроджанай «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец мяркуе, што БНР назаўсёды будзе для беларусаў ідэалам дзяржавы, да якой трэба імкнуцца, а РБ у нейкім сэнсе ўжо сёньня зьяўляецца ўвасабленьнем палітычнага праекту БНР:

«Што такое БНР? Гэта ідэал або эталён сучаснай незалежнай беларускай дзяржавы, абстрактнае паняцьце «нацыянальнай мэтралёгіі», якім вывяраецца адпаведнасьць той дзяржавы, у якой мы жывем, ідэальнай велічыні. Ствараецца такі эталён аднойчы і назаўжды, каб мы заўсёды маглі праверыць, наколькі наша дзяржава сучасная, беларуская і незалежная. Ані БССР, ані РБ, ані тое, што будзе заўтра, ня сталі і ўжо ня стануць новымі пунктамі адліку ці пунктамі праверкі, «новымі сантымэтрамі» пасьля Акту 25 Сакавіка 1918 г. Аднак і эталён на тое й дадзены, каб ніколі да канца не ўвасобіцца ў рэальнасьці. БНР — сыстэма вымярэньня для РБ, а ня тое, што мелася б паўстаць «на яе руінах». Ідэал БНР стаў палітычным праектам. І РБ — этап гэтага праекту. Іншая рэч, што да ідэалу яму далёка. Спадзявацца трэба на тое, што цяперашняя дзяржава будзе рабіцца больш сучаснай, незалежнай і беларускай».

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў лічыць, што рэалізацыя ідэяў БНР зусім ня страціла сваёй актуальнасьці, а яшчэ большае гучаньне яно набывае ў пытаньні вяртаньня Беларусі ў аб’яднаную Эўропу.

«У маім уяўленьні БНР была мадэльлю дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы, і рэалізацыя яе ідэі ня страціла сваёй актуальнасьці да сёньня. Наадварот, толькі набыла моц. Гістарычна і мэнтальна — беларусы эўрапейцы, і яны абавязкова мусяць вярнуцца ва ўлоньне агульнаэўрапейскай цывілізацыі. Гэта пачынаюць разумець усё больш і больш людзей, і ня толькі ў Беларусі, але і ў самой Эўропе, што даказаў нядаўні «Тыдзень Беларусі» ў Страсбургу. Вацлаў Гавал нядаўна сказаў, што ня бачыць завершанай канфігурацыю аб’яднанай дэмакратычнай Эўропы безь Беларусі і Ўкраіны. Калі мы гаворым пра назвы, то мне не падаецца, што гэта самае прынцыповае пытаньне. Я думаю, што і краіна пад назвай «Рэспубліка Беларусь» можа цалкам рэалізаваць тыя ідэалы, якія засталіся нязьдзейсьненымі з 1918 году», — кажа У.Арлоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?