Гэта слова не чуваць цяпер у мове гараджан. Дык іншы раз людзі яго і не зразумеюць. Нават тыя, хто ведае яго значэнне — не ўжываюць. Бо баяцца, што не зразумеюць. А можа баяцца, што гэта дыялектызм. На жаль наша школа прывучыла нас успрымаць гэты тэрмін — дыялектызм — як лаянку і навучыла баяцца. Таму, акрэсліўшы нейкае слова ці з’яву гэтым тэрмінам, мы выракаем яе на смерць.

Але перш, як тужыць па забытых дыялектызмах, давайце праверым, ці сапраўды гэта дыялектызм. Глядзім «ва́дзіцца» ў вялікім тлумачальным слоўніку беларускай мовы… Не. Не дыялектызм. Слоўнік падае:

  • ва́дзіцца, -джуся, -дзішся, -дзіцца; незакончанае трыванне, размоўнае слова. Сварыцца, лаяцца, спрачацца з кім-н. Хоць віном, а не вадзіцай Поіш мяне, сваціца, — Не хачу з табой вадзіцца, Бо ты любіш вадзіцца. Гілевіч.

Я можа адно спрачаўся б з аўтарам гэтага слоўнікавага артыкула, ці размоўнае гэта слова.

На маю думку яно павінна ўспрымацца як стылістычна раўнапраўны сінонім да слова «сварыцца». Чаму? Бо гэта не тое самае. «Ва́дзіцца» адрозніваецца далікатным адценнем значэннем. Азначае яно, відаць, спрэчку бытавую, часам з намёкам на нейкую перыядычнасць і звыкласць гэтай з’явы. Таму, калі мы адціснем яго ў стылістычнае гета, акрэсліўшы толькі размоўным — пазбавім кніжныя стылі цудоўнай магчымасці выразіць гэтыя далікатныя адценні сэнсу. Дый наогул лепей не судзіць такім чынам слоў, бо можна памыліцца, а бачым, да чаго гэта можа прывесці — да іх паступовага знікнення.

А ёсць яшчэ аднакарэннае да яго — звада, звадка:

На што ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і гора, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор? Максім Багдановіч. 

Да дробязей прыпомніў той вясновы, па-летняму сонечны дзень, калі ў хаце адбылася звада. Віктар Праўдзін.

Я стараюся не звяртаць увагі на гэтыя звады. Галоўнае — якасна рабіць сваю справу. «Звязда».

Не трэба не дабраўшы розуму цурацца бабуліных слоў ды запісваць іх у ненарматыўныя. Мы часта не ведаем абсягаў літаратурнае мовы, каб гэта зрабіць. Не маем слоўніка пад рукою, каб праверыць. Вось слова «спанатрыць» ці «збаёдаць», «гатоўка», «імбрычак» часта запісваюць у «дыялект», а гэтыя словы ёсць у тлумачальным слоўніку, іх ужывалі ды ўжываюць пісьменнікі і простыя носьбіты, як «новыя» так і «прыроджаныя». А вусная форма загаднага ладу дзеяслова «браць» — «бярэця»… Чым яна нязгодная з арфаэпіяй і граматыкай беларускай літаратурнай мовы? Далібог, яна ёй цалкам адпавядае. А вось многія «газетныя» формы і выразы нашыя пісьменнікі і заслужоныя навукоўцы якраз ганілі як «непісьменныя». На жаль, у шырокай свядомасці якраз гэтыя «непісьменныя» формы памылкова лічацца літаратурнымі, а жывыя, сапраўды літаратурныя, запісваюцца ў дыялектызмы. А гэта гучыць для іх прысудам смерці. Так мы і абдзіраем нашу мову, робячы яе беднай ды невыгоднай выкарыстоўваць. Не трэба абдзіраць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?