Сёння на нацыянальным прававым партале з’явіўся тэкст рашэння Мінскага гарадскога савету дэпутатаў аб прысваенні новым вуліцам у Лошыцы імёнаў беларускіх кінарэжысёраў.

Шыльды з імёнамі майстраў беларускага кіно вешаць пакуль рана – вуліцы яшчэ будуюцца каля Мінскай кальцавой, у мікрараёне Лошыца.

Віктар Тураў нарадзіўся ў Магілёве ў 1936 годзе, скончыў Інстытут Кінематаграфіі Герасімава (ВГИК), з 1959 года працаваў на «Беларусьфільме», дзе зняў 25 мастацкіх і дакументальных стужак – «Я родам з дзяцінства», «Вайна пад дахамі», «Подых навальніцы», «Людзі на балоце» і інш. За сваю творчасць рэжысёр атрымаў званне народнага артыста БССР і СССР. Быў выкладчыкам Беларускай акадэміі мастацтваў.

Міхаіл Пташук нарадзіўся падчас вайны ў акупаванай вёсцы Федзюкі на Берасцейшчыне. Скончыў вучэльню Шчукіна і вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР. Ставіў спектаклі ў маскоўскіх і казанскіх тэатрах, на «Беларусьфільм» прыйшоў у 1974-м годзе. Ён аўтар фільмаў «Час абраў нас», «Вазьму твой боль», «Чорны замак Альшанскі», «Знак бяды». Пташук актыўна выкладаў у Акадэміі мастацтваў. Трагічна загінуў у аўтамабільнай аварыі неўзабаве пасля заканчэння здымак «У чэрвені 41-га».

Кіраўніца ўпраўлення культуры мінскага гарвыканкама Віталіна Рудзікава ў размове з журналістамі адзначыла, што Міністэрства культуры і прадстаўнікі творчых звязаў шмат разоў звярталіся да гарадскіх уладаў з просьбай увекавечыць імёны рэжысёраў.

Абодва рэжысёра зрабілі значны ўклад у развіццё беларускага кіно. Яны жылі і працавалі ў Мінску.

Прысвойванне беларускім вуліцам імёнаў айчынных кінарэжысёраў стала першым выпадкам у беларускай тапаніміцы.

Дарэчы, рашэннем №159 гарадскі савет дэпутатаў вярнуў гістарычную назву (ананімнаму на сёння) праезду паміж Ракаўскай і Раманаўскай Слабадой – вуліца Юрава-Завальная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?