Жанр: драма, крымінал, біяграфія
Рэжысёр: Скот Купер
У ролях: Джоні Дэп, Джоэл Эдгертан, Бенядзікт Камбербэтч, Кевін Бэйкан, Джэсі Племанс, Пітэр Сарсгаард, Коры Стол, Дакота Джонсан, Роры Кокрэйл
ЗША, 122 хв.
Адзнака: 7.

Уайці Булджар — адзін з самых жорсткіх злачынцаў у гісторыі Бостана, лідар крымінальнай арганізацыі Winter Hill і брат мясцовага сенатара. Пасля серыі крывавых злачынстваў ён становіцца інфарматарам ФБР.

На працягу 30 гадоў Булджар працуе на бюро, якое збірае кампрамат на мафіёзныя кланы. Булджар жа выкарыстоўвае ФБР, каб пазбавіцца ад канкурэнтаў і забяспечыць прыкрыццё для сваёй уласнай дзейнасці.

Сцэнар заснаваны на кнізе Дзіка Лера і Джэрарда О’Ніла «Чорная імша: праўдзівая гісторыя пра д’ябальскі саюз ФБР і ірландскую мафію» — біяграфіі знакамітага бостанскага гангстара, які абвінавачваўся ў рэкеце, меў дачыненне да 19 забойстваў і ў той жа час працаваў інфарматарам на ФБР. Фільм ахоплівае падзеі ад 1981 да 1995, калі Булджар знік і 16 гадоў паспяхова хаваўся ад правасуддзя. У 80-­гадовым узросце, у чэрвені 2011 года, ён быў арыштаваны ў Санта­-Моніцы.

Цікава, што малодшы брат Булджара — Уільям Булджар — шмат гадоў быў прэзідэнтам сената штата Масачусэтс. Ён выйшаў у адстаўку толькі пасля выяўлення яго сувязяў з Уайці, але і цяпер займае пасаду рэктара ўніверсітэта. Яго ролю ў фільме выканаў Бенядзікт Камбербэтч.

Булджар яшчэ жывы. Рыхтуючыся да сваёй ролі, Джоні Дэп некалькі разоў спрабаваў сустрэцца са сваім прататыпам — гангстарам Джэймсам Уайці Булджарам, якi адбывае пажыццёвы тэрмін, аднак той ад сустрэчы адмовіўся.

Рэжысёр Скот Купер («Шалёнае сэрца» (2009), «З пекла» (2013)) імкнуўся як мага дакладней перадаць атмасферу крымінальнага Бостана канца мінулага стагоддзя. Большасць сцэн забойстваў была знята ў тых месцах, дзе яны адбыліся насамрэч. Купер кансультаваўся з былымі паплечнікамі Булджара, якія ўжо адбылі свой тэрмін — ён быў кароткім дзякуючы іх дапамозе расследаванню.

Сюжэт мае храналагічны ход і заснаваны на аповедах сведкаў. Не ўсе падзеі паказаны праўдзіва, але некаторыя дэталі проста не ўдалося высветліць дакладна. Удзельнікі банды не ўхвалілі фільм, назваўшы яго «мастацкім творам», бо там паказаныя злачынствы, якія здзейснілі не яны.

Стужка будзе цікавая аматарам крымінальных драм, дзе падзеі падаюцца блізка да рэальнасці. Яна ўтрымлівае сцэны жорсткіх забойстваў і мае рэйтынг 18+.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?