Дзелавы стыль адзення з новага навучальнага года ўводзіцца для ўсіх беларускіх школьнікаў.

Пра гэта на пасяджэнні каардынацыйнага савета па пытаннях увядзення адзення дзелавога стылю для вучняў агульнаадукацыйных устаноў, арганізацыі яе вытворчасці і рэалізацыі 20 сакавіка ў Мінску паведаміў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно.

Паводле яго слоў, адпаведныя лісты з рэкамендацыяй уключыць у правілы ўнутранага распарадку навучальных устаноў пункт аб нашэнні адзення дзелавога стылю, накіраваны Міністэрствам адукацыі ва ўсе ўпраўленні адукацыі краіны. Апрача таго, ім рэкамендавана правесці прэзентацыі мадэляў адзення дзелавога стылю айчыннай вытворчасці.

Як паведаміў К.Фарыно, сёлета будзе адабрана прыблізна 50 мадэляў школьнага адзення, якія каардынацыйны савет рэкамендуе да вытворчасці. Усяго ж, паводле інфармацыі вытворцаў, у Беларусі распрацавана прыкладна 300 мадэляў.

«Наша задача — сфармаваць культуру нашэння адзення дзелавога стылю, моду на школьнае адзенне», — сказаў К.Фарыно.

На яго думку, адзенне дзелавога стылю павінна быць функцыянальным, гігіенічным, даступным па цане і, галоўнае, падабацца школьнікам.

Як паведаміла БелаПАН галоўны інспектар упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Святлана Прастакова, дзелавы стыль адзення ў беларускіх школах уводзіўся паэтапна на працягу трох гадоў: спачатку ў пачатковай школе, затым — у базавай, сёлета — для вучняў 10—11‑х (12‑х) класаў.

Паводле яе слоў, дзелавы стыль адзення прадугледжвае пэўны камплект. У камплект для хлопчыкаў могуць уваходзіць штаны, пінжак, камізэлька, кашуля (трыкатажны світэр), для дзяўчынак — штаны, спадніца або сарафан, блуза (світэр). Спецыяліст зазначыла, што кожная школа можа прымаць рашэнне аб колеры і камплекце адзення, нашэнні адзення ў залежнасці ад сезона. Адзенне з джынсавай тканіны падчас заняткаў у школе не дапускаецца.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0