Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб ратыфікацыі пратакола, які павялічвае тэрмін вызвалення грамадзян Беларусі і Расіі ад рэгістрацыі ў кампетэнтных органах па месцы знаходжання з 30 да 90 дзён. Дакумент апублікаваны на расійскім афіцыйным партале прававой інфармацыі.

Пратакол ратыфікаваны Дзярждумай Расіі 23 кастрычніка, а затым 28 кастрычніка — Саветам Федэрацыі.

Пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб забеспячэнні аднолькавых правоў грамадзян дзвюх краін на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы падпісаны ў Маскве 3 сакавіка 2015 года. Акрамя павелічэння тэрміну вызвалення ад рэгістрацыі дакументам прадугледжваецца магчымасць аднаразовага ўезду грамадзян аднаго боку пры перамяшчэнні з трэціх краін на тэрыторыю другога боку і выезду з яго тэрыторыі ў дзяржавы грамадзянства па дакументах, тэрмін дзеяння якіх скончыўся, а таксама выезду непаўналетніх грамадзян аднаго боку ў трэція дзяржавы з тэрыторыі другога боку ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам дзяржавы грамадзянства.

Акрамя таго, пратаколам удакладняецца тэрмін разгляду кампетэнтнымі органамі заяў аб атрыманні дазволу на пастаяннае пражыванне (выдачы пасведчання на права жыхарства): цяпер ён не павінен перасягаць тры месяцы.

Прадастаўленыя дакументам прэферэнцыі шырэйшыя, чым змешчаныя ў дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, і распаўсюджваюцца на ўсіх грамадзян Саюзнай дзяржавы незалежна ад мэты ўезду.

Таксама ён падпісаў закон аб ратыфікацыі беларуска-расійскага пагаднення аб узаемным прызнанні адмоў на ўезд іншаземцаў. 

Пагадненне заключана ў мэтах развіцця агульнай міграцыйнай прасторы паміж Беларуссю і Расіяй, зыходзячы з узаемнай зацікаўленасці ў прадухіленні ўезду на тэрыторыю дзяржаў — удзельніц пагаднення асоб, якія не маюць на тое законных падстаў.

Дакументам устанаўліваецца, што рашэнні аб адмове ва ўездзе замежнай асобе або асобе без грамадзянства на тэрыторыю Расіі або тэрыторыю Беларусі або аб прызнанні яе непажаданай асобай на тэрыторыі гэтай дзяржавы, прынятыя ўпаўнаважанымі органамі дзяржавы аднаго боку, прызнаюцца ў якасці падстаў для адмовы такой асобе ва ўездзе, выдачы візы для ўезду на тэрыторыю дзяржавы іншага боку або скарачэння тэрміну часовага знаходжання на тэрыторыі дзяржавы іншага боку.

Пры гэтым у паведамленні агаворваецца, што кампетэнтны орган дзяржавы аднаго боку мае права дазволіць уезд і знаходжанне на тэрыторыі сваёй дзяржавы замежнаму грамадзяніну, у адносінах да якога ўпаўнаважаным органам дзяржавы іншага боку прынята рашэнне аб адмове ва ўездзе, паведаміўшы аб гэтым у кампетэнтны орган іншага боку.

Яшчэ адзін падпісаны закон — аб парадку абмену звесткамі аб грамадзянах дзвюх краін, у адносінах да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд. 

Пагадненнем устанаўліваецца, што абмен звесткамі будзе ажыццяўляцца ў мэтах недапушчэння выезду ў трэція дзяржавы грамадзян Беларусі і Расіі, у адносінах да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд, і прадухілення пагрозы нацыянальнай і грамадскай бяспецы.

Падставай для адмовы ў выездзе ў трэція краіны грамадзян Беларусі і Расіі, у адносінах да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд, з'яўляецца наяўнасць адпаведных звестак у аўтаматызаваных сістэмах дзвюх дзяржаў.

Кампетэнтнымі органамі па рэалізацыі пагаднення з'яўляюцца МУС Беларусі і Федэральная міграцыйная служба Расіі. Кампетэнтныя органы абавязаны забяспечваць канфідэнцыяльнасць звестак, атрыманых на падставе гэтага пагаднення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?