Часопіс Forbes у сераду апублікаваў штогадовую версію свайго спісу самых уплывовых людзей у свеце. Трэці раз запар рэйтынг узначаліў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

«Прэзідэнт Расіі ў чарговы раз даказаў, што ён адзін з нямногіх людзей у свеце, якія валодаюць дастатковай уладай, каб рабіць усё, што яны хочуць — і заставацца беспакаранымі», — пішуць пра Пуціна аўтары рэйтынгу.

У другім радку спісу — федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель, якая таксама стала самай уплывовай у спісе жанчынай. Летась Меркель займала пяты радок рэйтынгу. Аўтары Forbes адзначаюць, што Меркель, якая знаходзіцца ва ўладзе ўжо 10 гадоў, застаецца на сваёй пасадзе даўжэй за ўсіх астатніх еўрапейскіх лідараў.

Другой жанчынай, якая патрапіла ў дзясятку самых уплывовых людзей свету, стала кіраўніца Федэральнага рэзервовага фонду ЗША Джанет Елен, якая заняла сёмае месца.

З другога месца на трэцяе апусціўся прэзідэнт ЗША Барак Абама. Аўтары рэйтынгу адзначаюць, што ўплыў Абамы памяншаецца па меры таго, як падыходзіць да канца яго другі прэзідэнцкі тэрмін.

«У Еўропе яго засланяе Ангела Меркель, а на Блізкім Усходзе перайграе Уладзімір Пуцін», — пішуць аўтары Forbes.

Чацвёрты радок заняў папа Францішак, якому аўтары ставяць у заслугу змену кансерватыўнага іміджу Каталіцкай царквы.

На пятым месцы — кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін, які змясціўся на два радкі ніжэй у параўнанні з мінулым годам. Аўтары рэйтынгу называюць Сі, магчыма, «самым уплывовым кітайскім лідарам з часоў Мао Цзэдуна».

Брытанскі прэм'ер Дэвід Кэмеран трапіў на восьмы радок спісу. Як адзначаюць аўтары рэйтынгу, лідар адзінага за 23 гады ўрада Брытаніі, у якім дамінуюць сябры партыі кансерватараў, робіць поспехі ў сацсетках.

Дзявяты і дзясяты радок у рэйтынгу дасталіся адпаведна прэм'ер-міністру Індыі Нарэндры Модзі і сузаснавальніку карпарацыі Google Лары Пэйджу, у той час як заснавальнік Microsoft Біл Гейтс трымае высокія пазіцыі — у 2015 годзе Forbes змяшчае яго на шостае месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?