Лондан часова прыпыніў палёты ўсіх самалётаў, якія накіроўваюцца ў Брытанію з егіпецкага горада Шарм-эш-Шэйх. Як гаворыцца ў заяве брытанскага ўрада, гэта звязана са з'яўленнем новай інфармацыі аб тым, што крушэнне самалёта авіякампаніі «Кагалымавія» ў мінулую суботу магло быць выклікана выбуховай прыладай на борце.

«Пакуль ідзе расследаванне, мы не можам адназначна сказаць, чаму упаў расійскі самалёт. Але з паступленнем новай інфармацыі ў нас з'явілася заклапочанасць у сувязі з версіяй пра тое, што да крушэння цалкам магла прывесці выбуховая прылада на яго борце», — гаворыцца ў заяве Даўнінг-стрыт.

Рашэнне прыпыніць палёты было прынята пасля тэлефоннай размовы паміж прэм'ер-міністрам Брытаніі Дэвідам Кэмеранам і прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі, у якім абмяркоўваліся меры бяспекі ў егіпецкім аэрапорце. Ва ўрадзе Брытаніі падкрэсліваюць, што абмежаванне пакуль тычыцца толькі рэйсаў, якія вылятаюць з Шарм-эш-Шэйха ў Лондан у сераду ўвечары.

Як паведамляецца, у Егіпет вылецела група брытанскіх экспертаў для ацэнкі сітуацыі ў аэрапорце. Пасля таго, як ацэнка будзе праведзена, урад вызначыцца з далейшымі мерамі. Да таго, як яна будзе праведзена, вылеты праводзіцца не будуць.

На Даўнінг-стрыт асобна падкрэслілі, што ўрадавая ацэнка ўзроўню бяспекі Егіпта для брытанскіх турыстаў пакуль не мяняецца.

Пашкоджаная «чорная скрыня»

Следчыя аналізуюць пробы пяску на месцы катастрофы самалёта А321 на Сінаі з мэтай усталяваць прычыны яго гібелі, паведаміла Рэйтэр крыніца, блізкая да расследавання.

Мяркуюць, што прычынай крушэння мог стаць выбух, аднак пакуль не ясна, што менавіта яго выклікала — уцечка паліва або дэтанацыя бомбы на борце лайнера, адзначыла крыніца агенцтва.

Спецыялісты, якія вядуць расследаванне катастрофы, дасталі дадзеныя з параметрычнага бартавога самапісца, які фіксуе палётную інфармацыю, і спраўдзілі іх, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні міністэрства грамадзянскай авіяцыі Егіпта, апублікаваным 4 лістапада.

Цяпер дадзеныя будзе дэталёва аналізаваць следства.

Самапісец у кабіне пілотаў часткова пашкоджаны, і спатрэбіцца вялікая праца для здабывання запісаў, паведаміла міністэрства.

Такім чынам, ніякіх каментароў пра змест прыбора рабіць пакуль нельга, адзначаюць авіяцыйныя ўлады Егіпта.

Вывучэнне абломкаў на месцы крушэння працягваецца.

Егіпет узначальвае следчыя дзеянні з удзелам акрэдытаваных прадстаўнікоў Расіі (дзяржавы-аператара), Ірландыі (дзяржавы рэгістрацыі), Францыі (дзяржавы-распрацоўшчыка авіялайнера) і Германіі (дзяржавы-вытворцы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?