Смелыя заявы міністра культуры Расіі Уладзіміра Мядзінскага не першы раз прымушаюць чырванець расійскіх гісторыкаў і проста больш-менш адукаваных людзей.

rbc.ru

rbc.ru

Гэтак, летам 2015 года ён, абараняючы савецкі гістарычны міф пра «28 панфілаўцаў», заявіў, што архіўныя супрацоўнікі не павінны змагацца з гістарычнымі фальсіфікацыямі, і ўвогуле не трэба абмяркоўваць гэтыя падзеі.

Рэпліка была выклікана тым, што Дзяржаўны архіў РФ апублікаваў матэрыялы следства савецкай ваеннай пракуратуры ад 1948 года, якія даводзілі, што ніякай фактычнай асновы пад гісторыяй пра гераічную абарону Масквы ад нямецкіх танкаў 28 жаўнерамі, няма.

Але яшчэ больш цікавае гістарычнае адкрыццё расійскі міністр зрабіў у канцы кастрычніка на Франкфурцкім кніжным кірмашы падчас дыскусіі «Расія і Еўропа — адна гісторыя, рознае асэнсаванне».

Спрабуючы давесці, што гісторыя і культура Расіі маюць, як і еўрапейская культура, старажытнагрэцкія і рымскія карані, Мядзінскі спаслаўся на Івана Жахлівага:

«У свой час расійскі цар Іван Жахлівы замаўляў спецыяльнае генеалагічнае даследаванне, з якога вынікала, што ён з'яўляецца прамым нашчадкам імператара Аўгуста Актавіяна».

Мядзінскі далей распавёў, як такое здарылася:

«Аўгуст Актавіян шмат ваяваў, скончыў свае войны ў Егіпце. У Егіпце ў яго быў сын, які потым хітрым шляхам дабраўся да Скандынавіі, а потым з вікінгамі — на Русь».

«Такім чынам, ідэалагема «Масква-трэці Рым» мела і непасрэднае генетычнае пацвярджэнне», — скончыў Мядзінскі. 

Згодна з агульнапрынятай гісторыяй Актавіян Аўгуст памёр у 14 годзе пасля Раства Хрыстова, пра ягоных сыноў нічога не вядома.

Пра якія «генетычныя» доказы казаў Мядзінскі, таксама не зразумела. Верагодна, расійскі міністр проста блытае генетыку і генеалогію (няхай і фантастычную).

***

Уладзімір Мядзінскі — прафесар прэстыжнага Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін, доктар гістарычных навук і старшыня Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства.

Ягоныя кнігі выклікалі да жыцця з'яўленне серыі публікацый «Анты-Мядзінскі», у якіх прафесійныя гісторыкі не пакінулі ад «гістарычных» твораў міністра каменя на камені.

Міністр таксама адзначыўся напісаннем гістарычнага рамана «Сцяна» пра абарону Смаленска ад войск Рэчы Паспалітай у 1609-1611 гадах. У рамане, акрамя таго, што продкі беларусаў і палякаў дэманізаваныя, а маскоўцы ідэалізуюцца, кароль і вялікі князь Жыгімонт бачыць сон, у якім сімвалічна апісаная катастрофа, у якой загінуў пад Смаленскам прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Гісторыя таго часу паказаная як агрэсія Каталіцкага касцёла і Захаду ў цэлым супраць маральна чыстай праваслаўнай Масковіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?