У Менску зьявіліся новыя назвы вуліц і сквэраў. Рашэньне пра прысваеньне новым гарадзкім вуліцам і безыменным сквэрам прынята на паседжаньі Камісіі па менаваньні й перайменаваньні праспэктаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Менску.

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму, безназоўнаму сквэру ў раёне вуліц Чыгуначная і Мініна прысвоенае імя чатыры разы Героя Савецкага Саюзу, маршала Георгія Жукава . А безыменны сквэр па вуліцы Берасьцянскай, разьмешчаны непадалёк ад пасольства Кітаю, атрымаў назву «Сквэр гораду‑пабраціма Чанчунь» .

Новыя гарадзкія вуліцы зьявіліся ў мікрараёнах №1 і №5 жылога раёну ў Каменнай горцы. Так, праектаванай вуліцы № 1 на ўчастку ад вул. Прытыцкага да праектаванай вуліцы №3 дадзеная назва «вуліца Каменнагорская» паводле назвы мікрараёну ды існай вёскі Каменная Горка.

Праектаваная вуліца №2 (на ўчастку ад вул. Прытыцкага да праектаванай вуліцы №3) названа «вуліца Нёманская» ў гонар беларускай ракі Нёман.

Вуліцай Казіміраўскай будуць менаваць праектаваную вуліцу №3 на ўчастку ад вуліцы Матусевіча да праектаванай вуліцы №1. На гэтым месцы да 1940 году месьцілася вёска Казімірава.

А безназоўнаму праезду ў мікрараёне Кунцаўшчына, які злучае вуліцы Прытыцкага, Матусевіча і новы мікрараён Дамброўка, прысвоена назва «вуліца Дамброўская» .

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0