Чакаецца, што ў 2009 годзе ў Віцебскай дыяцэзіі адбудзецца каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў. Зараз праводзіцца адпаведная экспэртыза: укаранаваньнем ганаруюцца толькі тыя абразы, якія праславіліся шматлікімі цудамі і маюць багатую гісторыю.

Як паведаміў на прэс‑канфэрэнцыі напярэдадні Вялікадня біскуп Віцебскай дыяцэзіі Ўладзіслаў Блін, калі вынікі экспэртызы будуць адпавядаць гэтым патрабаваньням, абраз Маці Божай Браслаўскай дапоўніць шэраг раней укаранаваных сьвятыняў, сярод якіх абразы Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні, Маці Божай Будслаўскай, Панны Марыі Беззаганна Зачатай у менскім архікатэдральным касьцёле і інш.

Паводле гістарычных зьвестак, абраз Маці Божай Браслаўскай паходзіць з мужчынскага праваслаўнага кляштара, які існаваў на адным з астравоў возера Несьпіш. У 1832 годзе кляштар згарэў ад маланкі, але абраз захаваўся і быў перанесены ў Браслаўскі касцёл.

Паводле: Яна Ільіна, Народныя навіны Віцебска

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0