Урад Індыі адклікаў ліцэнзію арганізацыі «Грынпіс» на працу ў краіне. Адпаведная заява з'явілася на сайце экалагічнай арганізацыі. У ім гаворыцца, што ў «Грынпіс» ёсць 30 дзён, каб спыніць працу.

Ва ўрадзе пацвярджаюць, што загад аб закрыцці арганізацыі сапраўды быў дадзены.

Індыйскія ўлады абвінавачваюць арганізацыю ў фінансавых махінацыях і фальсіфікацыі дадзеных. Акрамя таго, лабісцкую групу вінавацяць у пагардзе індыйскім падатковым заканадаўствам і ў прасоўванні ідэй, якія тармозяць эканамічны рост.

У «Грынпіс» заяўляюць, што яны разам з некалькімі іншымі НКА сталі ахвярай палітыкі ўрада Індыі, накіраванай супраць трэцяга сектара. Абвінавачванні ў махінацыях эколагі называюць «грубай тактыкай» урада.

«Гэта вынік глыбокага непрымання адрозных пунктаў гледжання, якім, здаецца, вылучаюцца некаторыя структуры цяперашняга ўрада», — гаворыцца ў заяве, падпісанай часовым выканаўчым дырэктарам «Грынпіс» Вінутай Гапалем.

Каля паўгода таму індыйскі ўрад замарозіў рахункі «Грынпіс», абвінаваціўшы эколагаў у парушэнні падатковага заканадаўства і дзеяннях, якiя супярэчаць эканамічным інтарэсам краіны.

За апошнія месяцы ўрад Індыі ўзмацніў патрабаванні, што прад'яўляюцца да НКА, і закрыў каля 9 тысяч арганізацый за тое, што яны не задэкларавалі ахвяраванні, якія прыходзяць з-за мяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?