У Сьветлагорску мясцовыя ўлады імкнуцца прыкрыць аўтабізнэс інваліда Юрыя Ляшэнкі. Непрыемнасьці ў прадпрымальніка пачаліся пасьля таго, як ён паўдзельнічаў у грамадзкай акцыі ў Курапатах.

Сьветлагорац Юры Ляшэнка хоць і інвалід 1 групы, але мае права вадзіць аўтамашыну. Больш за тое, машына для яго, па сутнасьці, адзіны сродак, каб ня траціць кантакту са зьнешнім сьветам. На аўтамашыне з жонкай Аленай Юры аб’ехаў ня толькі Беларусь, але й добрую палову Эўропы. І невялікі сямейны бізнэс у Ляшэнкі зьвязаны менавіта з аўтамашынамі — ягоная фірма займаецца пасажырскімі перавозкамі.

29 кастрычніка, у дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, Юры наведаў Курапаты. Адтуль меўся заехаць на ланцуг памяці, які ладзіўся ў Менску каля будынку КДБ. На выезьдзе з Курапатаў Ляшэнку і яшчэ некалькіх аўтамабілістаў запынілі экіпажы ДАІ.

Ляшэнка: «Мяне з машынай трымалі даўжэй, чым іншых. Не маглі ні да чога прычапіцца, бо машына адпаведна абсталяваная. Але машына зарэгістраваная на юрыдычную асобу, гэта значыць, на фірму. Даішнікі ўзялі пуцявы ліст і доўга яго круцілі. Я некалькі разоў пад’яжджаў да іх запытацца: у чым праблема, бо трэба ехаць. Адказвалі: «Чакайце, правяраем па базе зьвестак». Праз гадзіну 38 хвілінаў прыехала яшчэ адна машына ДАІ, якая займаецца транспартам арганізацыяў».

Супрацоўнік ДАІ ўрэшце заявіў, што ў пуцявым лісьце няма адзнакі 29 наконт мэдагляду. Ляшэнка, канечне, запярэчыў правяральшчыку:

«Пуцявы ліст распрацаваны Мінфінам і надрукаваны прадпрыемствам Дзяржзнаку. Пытаюся: пакажыце, дзе ставіць адзнаку? Графы такой няма. Інспэктар мне заяўляе: «Калі так, чакайце дома. Я ўсе дакумэнты сфатаграфаваў і накіроўваю ў Сьветлагорск — там з вамі і разьбяруцца». Кінуў мне іх і сказаў: «Усё, да пабачэньня».

На гэтым тыдні Юрыю Ляшэнку патэлефанавала прадстаўнік апэратара — «Гомельпасажыраўтатрансу», які кантралюе працу перавозчыкаў, і папярэдзіла, што яго выклікаюць у Сьветлагорскі райвыканкам да намесьніка старшыні Дзьмітрыя Шабетніка. Той ачольвае камісіі па пытаньнях камунальнай гаспадаркі, аховы працы, стану аўтадарог.

Апэратар папярэдзіла інваліда-прадпрымальніка, чаму менавіта трэба быць абавязкова:

«Будзем вырашаць, ці мае права ваш транспарт працаваць». Паведаміла яшчэ, што паступіла скарга ад пасажыра, што ў мяне ў маршрутцы падраны чахол. Адказваю, што такога ня можа быць. Бо на днях, кажу, ваш прадстаўнік правяраў мой транспарт і ня меў прэтэнзіяў. Пацікавіўся, канечне: а хто скардзіўся? Адказвае: «Ня можам сказаць, паколькі скарга ананімная. Але рэагаваць на яе павінны». Прашу прыслаць мне гэтую скаргу, каб разабрацца. І куды адказ даваць — у неба крычаць? І чую: «Усё адно, скарга паступіла, і мы павінны разьбірацца».

4 лістапада Юры Ляшэнка прыехаў да райвыканкаму сам і прыгнаў наяўны транспарт, які ня быў у рэйсах:

«Была камісія з ДАІ, Шабетнік з Трунінай і трое з «Гомельпасажыраўтатрансу» — чалавек сем. Усё рабілася моўчкі, моўчкі агледзелі. Ніякіх камэнтароў не было. Сказалі чакаць. Гэта можа абярнуцца скасаваньнем дамоваў. Людзі застануцца бяз працы, я бяз працы — усё. Гэта такі ціск. Яны са мною змагаліся, ня ведаючы, якім чынам падступіцца. Цяпер вырашылі празь бізнэс, каб застаўся недзеяздольны, без рубля, без капейкі. Куды ў такім разе ўжо я паеду, куды пайду і наагул каму я патрэбны? Калі ўжо такі разумны, то сядзі дома і не жужукай».

Юры Ляшэнка хоць і мае фізычныя абмежаваньні, але ніколі не замыкаўся ў чатырох сьценах — заступаўся за інвалідаў-вазочнікаў, дапамагаў дзецям- сіротам, бацькам Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага. Не цураўся і грамадзка-палітычных падзеяў. І гораду дапамагаў — вэтэранаў падвезьці сваім транспартам, дэлегацыю сустрэць. Мае столькі падзякаў ад таго ж Сьветлагорскага райвыканкаму і ад пасажыраў, што ў любой маршрутцы любыя чахлы можа імі закрыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?