Вось вам 90-гадовы юбілей БНР. Французы з такой нагоды ўчыняюць парад і ўсеагульнае сьвята. Бо гаворка ідзе пра пункт адліку сучаснай дзяржаўнасьці і незалежнасьці. У нас жа ня тое, што не сьвяткуюць афіцыйна, але ловяць кайф ад разбурэньня канстантаў і нізьвядзеньня аўтарытэтаў, змагаюцца з паняткамі мэтралёгіі, аспрэчваюць сантымэтар. У нас цяпер могуць і Гітлера падхваліць, і Мураўёва-вешальніка. А то ўсёй ёрніцкай браціяй наваляцца на яшчэ ўчора самага чытанага пісьменьніка Караткевіча ці яшчэ ўчора нацыянальнага героя Каліноўскага. Словам, чым больш «усё наадварот», тым лепш. І не са зла гэта робіцца, а ад збытку кансэрватызму ў касьцях і недахопу яго ў галаве. Не ламай тое, чаго не будаваў — здаецца, зразумелы прынцып. Але ў нас гэтаму ня вучаць ні ў школах, ні ў цэрквах, ні ў тэлевізары.

БНР — гэта стандарт сучаснай незалежнай беларускай дзяржавы. Ідэал, гэта значыць, эталён, з дапамогай якога мы можам вывяраць БССР ці РБ — наколькі яны сучасныя, незалежныя і беларускія. Як у матэматыцы, дзе ніхто не аспрэчвае даўжыню сантымэтра, так і ў нашай нацыянальнай матэматыцы панятак БНР — гэта парамэтры кожнага дзяржаўнага ўтварэньня, што ўзьнікла як вынік БНР. Ня важна — як працяг яе ці насуперак ёй. Важна, што ўсе іншыя фармацыі другасныя пасьля БНР і адносна яе. І вось, здавалася б, маем найкаштоўнейшую прыладу. Уявіце сабе, як сарваўся з месца чалавечы прагрэс, калі зьявілася першая лінарка з першымі сантымэтрамі. І як можа рушыць наперад наш дзяржаўны і нацыянальны прагрэс з такой прыладаю ў руках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?