Сумная вестка прыйшла з Варшавы. 3 лістапада пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця польскі гісторык мастацтва прафесар Марыуш Карповіч. Ягонае імя вядома колу спецыялістаў у галіне гісторыі мастацкай культуры Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Марыуш Карповіч нарадзіўся 19 ліпеня 1933 года ў маёнтку Чомбраў Навагрудскага павета.

Ён паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду Карповічаў, згадкі пра які можна сустрэць у шматлікіх дакументах з актавых кніг судовых устаноў Вялікага Княства Літоўскага.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца справа аб дваранскім паходжанні роду Карповічаў герба «Кораб», які быў прызнаны ў дваранскай годнасці пастановай Менскага дваранскага дэпутацкага сходу 11 снежня 1802 года.

Карповічы сталі ўладальнікамі маёнтку Чомбраў у Навагрудскім павеце ў ХІХ стагоддзі. Гэта той самы маёнтак, дзе выхоўвалася будучая маці Адама Міцкевіча, гэты той самы шляхецкі двор, які Адам Міцкевіч апісаў як рэзідэнцыю Сапліцаў у сваім шэдэўры «Пан Тадэвуш».

Прадзедам Марыуша Карповіча па жаночай лініі быў Аляксандр Валіцкі — блізкі сябра і першы біёграф Станіслава Манюшкі, які перад паўстаннем 1863 года заснаваў у Менску сваю кнігарню і, як згадваюць акадэмік Карскі і Рамуальд Зямкевіч, пісаў на беларускай мове пад псеўданімам Міншчук альбо Місцюк.

Марыуш Карповіч у 1955 годзе скончыў Варшаўскі універсітэт і з таго часу працаваў у Інстытуце гісторыі мастацтва.

Прафесар Карповіч падрыхтаваў вялікую колькасць выдатных спецыялістаў у галіне гісторыі мастацтваў. Пад яго кіраўніцтвам было абаронена шмат доктарскіх дысертацый. Акрамя таго ён выкладаў у розных універсітэтах Польшчы, Італіі, Швейцарыі. З 1982 года Марыуш Карповіч правадзейны член Варшаўскага навуковага таварыства. Ён таксама быў абраны акадэмікам Акадэміі Кліменціна і Акадэміі Міцкевічыяна ў Балоніі, ганаровым акадэмікам Інстытута мастацтва Ламбардыі ў Мілане і членам іншых навуковых устаноў і таварыстваў.

З 1993 года Марыуш Карповіч эксперт Рады Еўропы па пытаннях гісторыі мастацтва і аховы помнікаў культуры.

Прафесар Карповіч быў адным з самых аўтарытэтных даследчыкаў гісторыі мастацкай культуры і архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ён аўтар шматлікіх навуковых прац па гэтай тэматыцы. Дастаткова сказаць, што сталі класічнымі такія яго манаграфіі, як «Барока ў Польшчы» (1988), якая была перакладзена на шматлікія еўрапейскія мовы, «Мастацтва Польшчы XVII стагоддзя» (1975) і «Мастацтва Польшчы XVIII стагоддзя» (1985), «Бальтазар Фантана» (1994).

Працы Карповіча выдаваліся не толькі ў Польшчы, але і ў Швейцарыі, Італіі.

У апошнія гады свайго жыцця Марыуш Карповіч вельмі цікавіўся праблемамі гісторыі мастацтва Вялікага Княства Літоўскага. Апошняя яго манаграфія «Віленскія асаблівасці архітэктуры XVIII стагоддзя была выдадзена ў 2012 годзе. Значная частка гэтай працы прысвечана праблеме аўтарства праекта аднаўлення полацкага Сафійскага сабора ў XVIII стагоддзі. Прафесар Карповіч аргументавана даказвае, што не Ян Крыштоф Глаўбіц быў аўтарам гэтага праекта, як лічылася раней, а італьянскі архітэктар Гвіда Антоніа Лонгі.

Экземпляр гэтай цікавай і мала вядомай у нас працы прафесар Карповіч падараваў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Нягледзячы на невылечную хваробу і свой сталы ўзрост, прафесар Марыуш Карповіч працягваў сваю навуковую дзейнасць, рыхтаваў навуковыя артыкулы, працаваў над дзвюма новымі абагульняючымі кнігамі па гісторыі мастацтва XVII і XVIII стагоддзяў, якія не паспеў скончыць.

Пахаванне Марыуша Карповіча адбудзецца ў аўторак 10 лістапада на мемарыяльных Варшаўскіх могілках «Павонзкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?