Беларуская рэдакцыя каталіцкай радыёстанцыі «Радыё Марыя» — «Радыё Марыя — Беларусь» пачне працу ў красавіку 2016 г, паведамляе catholic.by.

«Праграмы радыёстанцыі, якая будзе вяшчаць на беларускай мове, дадуць магчымасць слухачам пазнаёміцца з хрысціянскім вучэннем, пачуць трансляцыі набажэнстваў з розных каталіцкіх храмаў па ўсёй Беларусі; будуць гучаць перадачы культурнай, хрысціянскай і сацыяльнай тэматыкі, музыка, рэпартажы пра важныя падзеі з жыцця Касцёла ў розных краінах свету. Таксама ў эфіры будуць інтэрактыўныя праграмы, падчас якіх слухачы змогуць атрымаць адказы на свае пытанні ў спецыяльна запрошаных гасцей», — гаворыцца ў паведамленні.

Пакуль трансляцыя будзе весціся толькі ў інтэрнэце, але ў перспектыве плануецца пашырэнне спосабаў вяшчання, паведаміў Вячаслаў Гулевіч, кіраўнік «Радыё Марыя — Беларусь».

Духоўную апеку над новым радыё па даручэнні мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча вядзе кс. Аляксандр Тарасевіч, пробашч парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі.

Першае радыё «Марыя» паўстала ў Італіі ў 1987 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0