Сёння а 19-й гадзіне ў Вялікай зале Філармоніі адбудзецца канцэрт памяці паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна «Струны сэрца чыстага». Ідэя правесці мемарыяльную вечарыну належыць народнаму артысту Беларусі, дырыжору Міхаілу Казінцу.

«Мы былі з аднаго пакалення, а з Генадзем Мікалаевічам мы яшчэ сябравалі. Любоў да беларускай паэзіі прыйшла да мяне ў далёкія 1960-я пад уплывам паэзіі Барадуліна і Бураўкіна.

Рыгор Барадулін — першаадкрывальнік новых даляглядаў у лексіцы паэзіі. У яго вершах рассыпаны разынкі народнага гумару.

Генадзь Бураўкін — паэт-лірык, але і ў ранняй, і ў позняй лірыцы ён заўсёды паўстае вялікім філосафам і грамадзянінам. І Барадулін, і Бураўкін — гэта носьбіты беларускасці, абодва вельмі тонка адчувалі беларускую мову.

Лёс распарадзіўся так, што яны пайшлі з жыцця амаль адначасова, адзін за адным — вясной 2014 году…», — так патлумачыў народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец свой выбар.

У першым аддзяленні мемарыяльнай вечарыны прагучаць песні на вершы паэтаў. У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца будуць спяваць Зміцер Вайцюшкевіч, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў, харавая капэла імя Рыгора Шырмы.

У 2-м аддзяленні Міхаіл Казінец будзе дырыжыраваць Дзяржаўным акадэмічным сымфанічным аркестрам. Будзе выкананая Шостая сымфонія Андрэя Мдзівані «Полацкія пісьмёны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?