У суботу, 7 лістапада, у Вашынгтоне адбылася адметная падзея, пасьля якой у сталіцы ЗША афіцыйна існуе памятка пра адну з трагічных старонак ХХ ст. — Галадамор ва Украіне ў 1932-33 гадох. У гэты дзень адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця Мемарыяла памяці ахвяраў Галадамору.

Падчас мітынгу выступілі прадстаўнікі амэрыканскіх уладаў, дзеячы украінскай эміграцыі, з Украіны прыехала жонка прэзыдэнта Марына Парашэнка, было паказана відэа з прывітальным словам Пятра Парашэнкі.

На ўрачыстасьць зьехаліся ўкраінцы з цэлай Амэрыкі, з Нью-Ёрку таксама прысутнічала вялікая грамада. БАЗА атрымала запрашэньне прыняць удзел і наша дэлегацыя ўскладзе 15 асобаў разам з украінцамі з Нью-Ёрку таксама выехала ў Вашынгтон. Мы лічылі патрэбным падтрымаць нашых суседзяў і раздзяліць з імі радасьць і смутак. Стараліся мы як найбольш выразна прадставіць нашу прысутнасьць на мітынгу, разгарнулі вялікі бел-чырвона -белы сьцяг, зрабілі плякат з Пагоняю і надпісам «Беларусь». Так што абыйсьці ўвагаю нашу групу было амаль немагчыма, шмат людзей падыходзілі, пыталіся, рабілі фота. Там мы сустрэлі даўняга сябра беларусаў - амэрыканскага дыплямата і выдатнага фатографа Джона Кунстадара, які таксама наведаў урачыстасьць.

Мы былі прыемна ўражаныя, як добра ўсё было арганізавана, як было ўсё зручна зроблена для людзей, як урачыста і ўзьнёсла адбывалася цырымонія. Спадабаўся і сам Мемарыял, які ўяўляе сабою сьцяну даўжынёю 10 м. са стылізаванымі пшанічнымі каласамі на ёй. Калосьсе, як сымбаль урадлівых украінскіх палёў, надавала асаблівае гучаньне трагедыі. Багаты ўраджай і голад — дзьве несумяшчальныя рэчы маглі быць абьяднаныя толькі злой воляю тых, хто зламысна справакаваў Галадамор.

Варта парадавацца за украінцаў, за іх салідарнасьць, за іх высокую самасьвядомасьць, за іх адказнасьць перад сваёй краінай, гісторыю якой яны вяртаюць з забыцьця. Агульнымі высілкамі яны здолелі аднавіць і ўшанаваць памяць пра ахвяраў Галадамору, паставілі ім помнік у Кіеве і цяпер ў цэнтры сталіцы ЗША, гэтую памяць ужо не сьцерці. Мы бачылі вакол сябе людзей у вышыванках, з адухоўленымі, натхнёнымі тварамі. Верыцца, што і сёньняшнюю бяду ўкраінская нацыя пераадолее і пабудуе новае больш шчасьлівае жыцьцё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?